Еўрапейскі саюз дзюдо пажартаваў са скандальнага эпізоду фіналу Лігі чэмпіёнаў


Еўрапейскі саюз дзюдо пракаментаваў сітуацыю фінальнага матчу футбольнай Лігі чэмпіёнаў, у якой зорка ФК «Ліверпуль» Мохамед Салах атрымаў траўму, праз якую быў вымушаны пакінуць поле на 30-й хвіліне.

Егіпецкі гулец «Ліверпулю», сутыкнуўшыся з капітанам мадрыдскага «Рэалу» Сэрхіё Рамасам, атрымаў пашкоджанне пляча. Некаторыя мяркуюць, што ў тым гульнявым эпізодзе капітан мадрыдцаў Рамас адмыслова наваліўся ўсёй вагай на Салаха.

«Ёсць сур’ёзныя прычыны, чаму вакі-гатамэ – забаронены прыём (рычаг локці з захопам рукі пад пахай – заўв.), асабліва пры пераходзе в не-ваза. Што вы думаеце пра гэты фол (суддзя матчу парушэння не зафіксаваў – заўв.) у фінальным матчы Лігі чэмпіёнаў?» – напісалі на афіцыйным акаўнце Еўрапейскага саюзу дзюдо ў «Facebook».

Публікацыя суправаджаецца фотаздымкам спрэчнага моманту, на якім змешчаны тэкст:

«Такі захоп рукі забаронены ў дзюдо, але ў футболе даволі добры, каб выгуляць Лігу чэмпіёнаў».

Фінал Лігі чэмпіёнаў, які ўвечары 26 траўня прайшоў у Кіеве і ў якім сустракаліся «Рэал» (Мадрыд) і «Ліверпуль», з лікам 3:1 перамог клуб з Іспаніі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў