Еўрапейская федэрацыя журналістаў просіць уладу спыніць пераслед незалежных журналістаў


Напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы (адзначаецца 3 траўня) Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) апублікавала заяву салідарнасці з журналістамі ў Беларусі, якія церпяць пераслед, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

З 2015 года ўлады краіны распачалі кампанію рэпрэсіяў у дачыненні да журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі, – гаворыцца ў заяве.

У выніку гэтай кампаніі ў 2017 годзе беларускіх журналістаў дзясяткі разоў штрафавалі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. У 2018 годзе хваля пераследу працягнулася.

У 2018 годзе толькі журналісты «Белсату» атрымалі 37 штрафаў на суму Br 29 555.

Еўрапейская федэрацыя журналістаў, найбуйнейшая арганізацыя журналістаў у Еўропе, якая прадстаўляе больш за 320 000 журналістаў у 70-ці журналісцкіх арганізацыях у 44 краінах, хацела б яшчэ раз выказаць сваю салідарнасць з беларускімі калегамі.

Мы заклікаем беларускія дзяржаўныя органы неадкладна спыніць беспрэцэдэнтную хвалю пераследу незалежных журналістаў і даць нашым калегам юрыдычныя гарантыі для іх прафесійнай дзейнасці.

ЮВ, belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў