Еўрапарламент заклікаў працягваць падтрымку «Белсату»


Сёння Еўрапейскі парламент у Страсбургу прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў улады Беларусі «пачаць канструктыўны і адкрыты дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю» ды вызваліць палітвязняў.

Але, перадусім, рэзалюцыя змяшчае заклік да ўладаў краіны выконваць правы чалавека і вызваліць ды рэабілітаваць палітзняволеных – Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенку, а таксама ўзнавіць у грамадзянскіх і палітычных правах усіх былых палітвязняў.

«Хаця ЕЗ неаднаразова падкрэсліваў, што павага фундаментальных свабодаў, вяршэнства закона і правоў чалавека з’яўляецца абавязковай умовай для паляпшэння і далейшага развіцця адносінаў з Беларуссю, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвае выклікаць занепакоенасць», – гаворыцца ў дакуменце.

У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне пераследам у Беларусі незалежных журналістаў і медыяў падчас мясцовых выбараў. У якасці прыкладу прыводзіцца збіццё журналіста тэлеканалу «Белсат» Андрэя Козела і блакаваннем інфармацыйнага парталу «Хартыя 97». Еўрапарламент заклікаў неадкладна адмяніць гэтае блакаванне і адмовіцца ад захадаў, якія пагражаюць свабодзе слова.

Да таго ж у дакуменце выказваецца спачуванне ў сувязі з затрыманнямі дзясяткаў актывістаў, у тым ліку лідараў апазіцыі, напярэдадні і ў Дзень Волі.

Еўрадэпутаты заклікалі Еўрапейскую службу па вонкавых сувязях (ЕСВС) і Еўракамісію працягваць падтрымліваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі ды за межамі краіны, у тым ліку падтрымліваць незалежныя крыніцы інфармацыі для беларускага грамадства, уключаючы вяшчанне па-беларуску і з-за мяжы (як тэлеканал «Белсат»).

Акрамя таго ў Еўрапарламенце выказваюць заклапочанасць у сувязі са «спрэчнымі інвестыцыямі ў атамную электрастанцыю ў Астраўцы» і заклікаюць улады Беларусі забяспечыць адпаведнасць будоўлі міжнародным стандартам бяспекі і патрабаванням аховы навакольнага асяроддзя.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў