Еўрапарламент не прызнаў выбары ў Беларусі і абвясціў Лукашэнку асобаю нон-грата ў ЕЗ


Еўрадэпутаты выпусцілі заяву, у якой заклікаюць правесці новыя і свабодныя выбары ў Беларусі, а таксама настойліва асуджаюць гвалт і катаванні, якія ўчыняюцца супраць мірных пратэстоўцаў.

Дэпутаты Еўрапарламенту выпусцілі заяву, у якой не прызнаюць вынікі выбараў у Беларусі.

«Мы апладзіруем беларускаму народу за мужнасць і рашучасць і рашуча падтрымліваем імкненне да дэмакратычных пераменаў і свабоды. Прэзідэнцкія выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і надзейныя паведамленні паказваюць на перамогу Святланы Ціханоўскай. Таму мы не прызнаем Аляксандра Лукашэнку пераабраным прэзідэнтам Беларусі і лічым яго персонай нон-грата ў Еўрапейскім Саюзе», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
19 жніўня адбудзецца саміт ЕЗ у справах Беларусі
2020.08.17 22:01

Еўрадэпутаты падтрымалі памкненні беларусаў да свабоды і заклікаюць расследаваць акты гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. Таксама яны вітаюць рашэнне міністраў замежных спраў ЕЗ унесці ў чорны спіс усіх вінаватых у гвалце і фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбарах. І заклікаюць скласці спіс санкцыяў як мага хутчэй, каб людзям, якія здзейснілі гэтыя злачынствы, было забаронена наведваць ЕЗ, а іх актывы сталі замарожанымі.

«Еўрапейскі звяз можа і павінен зрабіць больш, каб палепшыць справу дэмакратыі і свабоды ў Беларусі, у тым ліку шляхам узмацнення дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і неадкладнага спынення фінансавай падтрымкі ўрадавых і дзяржаўных праектаў», – пішуць дэпутаты.

У заяве згадалі і нядаўнюю забарону на ўезд двум еўрадэпутатам: Роберту Бедраню і Петрасу Аўштравічасу. Прадстаўнікі Еўрапарламенту запрапанавалі, каб ЕЗ прызначыў для Беларусі спецыяльнага прадстаўніка для падтрымання працэсу мірнага пераходу ўлады ў адпаведнасці з воляй беларускага народа. Яны звярнулі ўвагу Расеі, каб тая не ўмешвалася ва ўнутраныя справы Беларусі.

«Мы заклікаем ЕЗ падтрымаць мірны пераход улады і весці дыялог з беларускай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю з мэтай запуску новага выбарчага працэсу пад наглядам новай выбарчай камісіі. Жыве Беларусь!», – так закончылася заява.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў