«Еўраопт» распачне гандаль сваймі акцыямі на Лонданскай біржы


Кампанія «Еўрагандаль», больш вядомая ў Беларусі як «Еўраопт» завершыла ўсе неабходныя працэдуры для ўваходу на Лонданскую біржу, дзе распачне гандаль сваймі акцыямі.

Папярэдне кошт адной акцыі «Еўрагандалю» усталяваны ў межах 6,95-7,95 долараў. Акрамя таго, у межах IPO беларуская фірма выпусціць глабальныя дэпазітарныя распіскі на звычайныя акцыі кампаніі. Дзякуючы іх рэалізацыі «Еўрагандаль» плануе атрымаць каля 250 мільёнаў долараў. Выніковы кошт акцыяў стане вядомы не раней як 7 лістапада, калі пачнецца гандаль паперамі рытэйла на Лонданскай біржы.

IPO (Initial Public Offering – IPO) – працэдура, якую мусіць правесці кожная кампанія, што жадае працаваць на фондавым рынку. У межах працэдуры статус арганізацыі змяняецца – замест прыватнай яна становіцца публічнай, акцыянерам кампаніі можа стаць любы ахвочы. «Еўрагандаль» цягам месяцу завершыў неабходныя змены і стане першай беларускай кампаніяй, акцыямі якой гандаль будзе весціся на Лонданскай біржы.

Кошт беларускай кампаніі ацэнены ў межах 689 – 789 мільёнаў долараў.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў