Еўракамісія распачала ў Беларусі аўдыт жывёлагадоўчай прадукцыі


Беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя і харчаванне на еўрапейскім рынку прадстаўлены ў даволі шырокім асартыменце. З гэтай нагоды ў нашай краіне з візітам аўдытары Генеральнага дырэктарату па ахове здароўя і бяспекі харчавання Еўрапейскай камісіі, паведамляецца на сайце Мінсельгасхарчу.

Прадстаўнікі Еўразвязу прыбылі ў Беларусь з мэтай правядзення аўдыту па ўжыванні ветэрынарных прэпаратаў жывёлам і кантролі рэшткавых рэчываў ветэрынарных прэпаратаў у прадукцыі жывёльнага паходжання, а таксама аўдыту вытворчасці рыбных і малочных прадуктаў.

Падчас правядзення аўдыту прадстаўнікі Еўрапейскага звязу наведаюць шэраг беларускіх прадпрыемстваў Менскай і Берасцейскай вобласцяў, якія імпартуюць сваю прадукцыю на еўрапейскі рынак. Эксперты з ЕЗ разгледзяць сістэму кантролю якасці і бяспекі прадукцыі.

Таксама запланаваныя наведванні беларускіх дзяржаўных ветэрынарных лабараторыяў і станцыяў, якія праводзяць маніторынгі ў галіне ветэрынарыі з мэтай кантролю ветэрынарна-санітарнай бяспекі прадукцыі жывёльнага паходжання.

Правядзенне аўдытаў неабходна для далейшага ўзгаднення еўрапейскім бокам экспарту беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў краіны Еўрапейскага звязу.

Рассельгаснагляд уводзіць узмоцнены кантроль паставак прадукцыі 18 беларускіх прадпрыемстваў

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары