Еўракамісія плануе да 2020 года зрабіць бясплатны інтэрнэт ва ўсіх публічных прасторах ЕЗ


У Еўракамісіі ёсць планы забяспечыць усе публічныя прасторы ад Лісабона да Хельсінкі бясплатным Wi-Fi. Гэтую мэту анансаваў у сваім штогадовым звароце старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер.

Таксама ён адзначыў, што да 2020 года як мінімум у адным горадзе ў кожнай краіне ЕЗ павінна з’явіцца мабільная сувязь стандарту 5G. А да 2025 года 5G павінен працаваць ва ўсіх гарадах ЕЗ.

Акрамя гэтага, Еўракамісія дадаткова абяцае забяспечыць мінімальную хуткасць пампавання 100 Мбіт/с для ўсіх еўрапейскіх хатніх гаспадарак і 1 Гбіт/с для ўсіх устаноў аховы здароўя, адукацыі і дзяржаўнай службы.

Эксперты не вераць у магчымасць рэалізацыі гэтага амбіцыйнага плану

Згодна з планам Wifi4EU, Еўракамісія выдаткавала на бясплатны Wi-Fi толькі  120 млн.

Галоўны аналітык ConnectivityX Марк Ньюмэн адзначыў, што гэта вельмі сціплая сума для праекту такога маштабу. Скептычна ён ставіцца і да разгортвання сеткі 5G.

Сам стандарт будзе распрацаваны толькі да 2018 года, а першыя камерцыйныя ліцэнзіі пачнуць выдавацца толькі ў 2019 ці 2020 годзе. Такім чынам, 5G можа з’явіцца толькі ў некалькіх бізнэс-кварталах буйных гарадоў. І карыстацца сувяззю 5G змогуць толькі гаспадары новых тэлефонаў, якія будуць падтрымліваць гэты яшчэ нераспрацаваны стандарт.

Скептыцызм экспертаў можна растлумачыць і неэфектыўнасцю Еўракамісіі ў вырашэнні іншых пытанняў у сферы тэлекамунікацыяў.

Еўракамісія яшчэ з 2006 года спрабуе скасаваць аплату за роўмінг, але канчаткова роўмінг стане бясплатны для еўрапейцаў толькі ў сярэдзіне 2017 года.

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by

Стужка навінаў