Еўракамісія будзе дамагацца «належнай ацэнкі» Астравецкай АЭС


Еўракамісар падтрымаў пазіцыю Літвы адносна Астравецкай АЭС.

Адказны за змяненні клімату і энергетыку еўракамісар Мігель Арыяс Каньетэ падтрымлівае пазіцыю Літвы адносна небяспечнай, як мяркуюць у Вільні, АЭС, што цяпер будуецца побач з Астраўцом.

У чацвер падчас сустрэчы з літоўскім міністрам навакольнага асяроддзя Кястуцісам Трачокасам у Амстэрдаме Мігель Арыяс Каньетэ адобрыў пазіцыю Літвы наконт таго, што праект Астравецкай АЭС павінен адпавядаць усім патрабаванням Канвенцыі Espo і ядравай бяспекі. Еўракамісар паабяцаў, што Еўракамісія паклапоціцца пра тое, каб ацэнка ўплыву Астравецкай АЭС на навакольнае асяроддзе была праведзеная належным чынам, паведамляе Міністэрства навакольнага асяроддзя Літвы.

Еўракамісія таксама будзе дамагацца, каб на АЭС пад Астраўцом быў праведзены тэст на стрэс і каб былі забяспечаныя дастатковыя меры бяспекі.

Камітэт увядзення Канвенцыі Espo у 2013 годзе заявіў, што праект Астравецкай АЭС не адпавядае патрабаванням канвенцыі, а ў сёлетнім сакавіку прапанаваў, каб спрэчку дапамагла вырашыць міжнародная экспертная камісія.

Менск адмовіўся ўпусціць экспертаў і адкідвае прэтэнзіі Літвы, сцвярджаючы, што на электрастанцыі будуць забяспечаныя самыя высокія стандарты бяспекі, адзначае партал Delfi.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў