Еўрадэпутат пра пратэсты ў Беларусі: Грамадства паказвае сілу грамадзянскай волі


Еўразвяз негатыўна глядзіць на дзеянні ўладаў Беларусі падчас выбарчай кампаніі і пазітыўна – на грамадскі супраціў. Краіны Захаду сочаць за сітуацыяй.

Акцыя ў Менску 14 ліпеня. Удзельнік прагульваюцца цэнтральным прасп
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

Ад дзеянняў уладаў Беларусі будзе залежыць, ці Беларусь, а значыць кожны з нас, атрымае дапамогу ад Еўразвязу. Гэта пацвердзіў чарговы еўрапалітык, разважаючы пра недапушчальнасць рэпрэсіўных паводзінаў дзейнай улады Беларусі. «Белсат» папрасіў еўрадэпутата ад Літвы Андруса Кубілюса ацаніць выбарчую кампанію.

Андрус Кубілюс.
Фота: уласная старонка на Facebook

Гэта нагадвае часы гітлераўскай Германіі

На вашую думку, сёлетняя выбарчая кампанія – празрыстая на гэтым этапе?

Рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі не рэгістраваць Бабарыку і Цапкала – вядучых кандыдатаў ад апазіцыі, скрала прэзідэнцкія выбары ў народу Беларусі.

Ці вы «ЗА» увядзенне санкцыяў у выпадку, калі ў Беларусі правядуць несумленныя і недэмакратычныя выбары

Ці Еўразвяз зноў увядзе санкцыі, будзе залежаць ад усяго выбарчага працэсу. Мы бачылі, што аднаго галоўнага кандыдата пасадзілі ў турму, у іншага забракавалі вялікую колькасць легальна і афіцыйна сабраных подпісаў. Так у дэмакратычных краінах ніхто сябе не паводзіць. Ёсць пытанне, як сябе будуць паводзіць сілавыя структуры. Тое, што мы бачылі на «Белсаце», і на YouTube – як мірных людзей на вуліцах забіраюць сілавікі, КДБ ці нейкія іншыя структуры – нагадвае часы гітлераўскай Германіі. Гэтак сябе не могуць паводзіць еўрапейскія краіны. Наперадзе і 9 жніўня, пасля якога мы пабачым агульную карціну, і будзем на яе рэагаваць.

Аб’ектыў
У Менску масава судзяць мірных пратэстоўцаў
2020.07.15 23:37

Што б магло быць першым крытэрам для жорсткай рэакцыі ЕЗ?

Наяўнасць палітвязняў. Калі рэжым Лукашэнкі ў бліжэйшы час не выпусціць палітвязняў – кандыдатаў, палітычных дзеячаў, як Павел Севярынец, ці арыштаваных шараговых людзей і блогераў – мы будзем абмяркоўваць, якія маем увесці санкцыі.

Які другі крытэр?

Адпаведнасць кампаніі стандартам дэмакратычнасці. Мы ўсур’ёз папярэджваем, што назіраем за сітуацыяй вельмі ўважліва. Калі рэжым Лукашэнкі не пачуе, то ў будучыні можа атрымаць так званыя санкцыі Магніцкага, паводле прыкладу Злучаных Штатаў. Еўрапейскі звяз таксама павінен уводзіць персанальныя санкцыі. Аляксандр Лукашэнка, ягонае атачэнне і асабліва тыя, хто кіруе сілавымі структурамі, павінныя памятаць, што іхныя імёны добра вядомыя ўсім.

Hавiны
За сутычкі з АМАПам затрымалі чатырох чалавек
2020.07.16 13:03

Грамадства перастала баяцца рэпрэсіяў

Ці можа асобная краіна, напрыклад, Літва, увесці яшчэ больш жорсткія абмежаванні, ці такія рашэнні ЕЗ прымае супольна?

Літва мае ўласны закон аб санкцыях Магніцкага і можа ўводзіць такія абмежаванні. Але значна больш моцныя санкцыі – уведзеныя на ўзроўні Еўрапейскага Звязу. Літва і яе партнёры будуць працаваць над другім варыянтам – еўрапейскімі санкцыямі. Але заўсёды гатовая ўвасобіць у жыццё і свае дзяржаўныя санкцыі.

Ці не адкажа беларуская ўлада на санкцыі яшчэ больш жорсткімі рэпрэсіямі?

Гістарычны досвед паказвае, што некаторыя аўтарытарныя лідары пераходзяць чырвоную мяжу і выкарыстоўваюць ваенную сілу, каб спыніць свой народ. Але ёсць лідары, якія пасля пратэстаў робяць нейкія крокі і ствараюць магчымасці для грамадства. Спадар Лукашэнка мог бы паглядзець на досвед не такі далёкі – на таго ж Назарбаева ў Казахстане.

Hавiны
«Свабодныя і справядлівыя выбары павінны быць паўсюль». ААН сочыць за сітуацыяй у Беларусі
2020.07.16 11:48

Наколькі Еўрапарламент заангажаваны ў сённяшнія падзеі ў Беларусі?

У апошні тыдзень тэма Беларусі абмяркоўвалася ў Камітэце замежных справаў, які ў верасні-кастрычніку апублікуе адмысловы рапарт. Сітуацыю ў Беларусі абмеркавалі прадстаўнікі Камісіі і Рады Еўрапейскага звязу. Абсалютная большасць сябраў Еўрапарламенту прытрымліваюцца падобных поглядаў.

То бок усе негатыўна глядзяць на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі?

Негатыўна глядзім на тое, як сябе паводзіць улада ў дачыненні грамадзянаў і вельмі станоўча глядзім на тое, як грамадства перастала баяцца рэпрэсіяў і выказвае сваё жаданне пераменаў. Людзі павінныя мець легальную магчымасць выказаць сваё меркаванне наконт такіх пераменаў.

Hавiны
«Уся падлога пада мной была ў крыві». У Беларусі 15 ліпеня былі затрыманыя больш за 30 чалавек
2020.07.15 23:41

Больш праз вялікія справы

Якія магчымыя сцэнары далейшага супрацоўніцтва паміж Бруселем і Менскам пасля 9 жніўня?

Беларусь вельмі важная, як краіна, якая можа стаць моцнай. Нам хочацца, каб беларусы мелі магчымасць выбіраць свой шлях, як гэта робяць у Грузіі, Украіне, у апошні час і ў Арменіі. Таксама як тыя краіны, Беларусь пасля пераменаў можа шырэй выкарыстоўваць магчымасці праграмы Усходняга партнёрства: гэта і бязвізавы рэжым, і эканамічная дапамога. Нашыя ўмовы простыя: дэмакратыя, адпаведнасць прававой дзяржаве, эканамічныя рэформы. У праграме Усходняга партнёрства ўсё базуецца паводле прынцыпу «Больш праз вялікія справы і менш праз дрэнныя справы». Калі дзяржава робіць вялікія рэформы, яна атрымае ад Еўрапейскага звязу больш праграмаў дапамогі. Калі дзяржава робіць крок назад – з боку Еўрапейскага звязу гэтая дапамога адразу ж памяншаецца.

Межы Еўразвязу цяпер зачыненыя для Беларусі. Як гэта можа паўплываць на працэс выбараў у Беларусі?

З-за COVID-19 шматлікія межы ўсё яшчэ застаюцца зачыненымі. Мы будзем абмяркоўваць пытанне пра тое, як на гэтых выбарах будуць прысутнічаць міжнародныя назіральнікі, у тым ліку назіральнікі з боку Еўрапейскага Парламенту. Такія назіральнікі павінныя прысутнічаць падчас выбараў у Беларусі. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца.

Hавiны
БДІПЧ АБСЕ ўпершыню не будзе назіраць на выбарах у Беларусі — не атрымалі афіцыйнага запрашэння ад МЗС
2020.07.15 14:39

Як Еўропа можа падтрымаць грамадзянскую супольнасць Беларусі?

Навучанне – адная з прыярытэтных праграм, праграма Erasmus + для ўсіх краінаў Усходняга партнёрства – гэта вельмі важны інструмент. Колькі магчымасцяў атрымаюць беларускія студэнты, будзе залежыць і ад таго, што адбудзецца 9 жніўня. Цяпер думаем, як узнавіць праграмы дапамогі Еўрапейскага звязу, якія ажыццяўляліся пасля выбараў 2010 года, калі шмат беларусаў трапілі ў турмы. Тады была праграма падтрымання іхных семʼяў. Такая праграма павінная быць адноўленая. Вельмі важна падумаць пра гэта сёлета, таму што ў гэтым годзе ўзгадняецца фінансавы план дзейнасці Еўрапейскага звязу на будучыя 7 гадоў. Трэба гэтыя праграмы ўключаць у бюджэт Еўрапейскага Звязу.

Ганна Русінава Belsat.eu

Стужка навінаў