Еўрадэпутат падтрымаў журналістаў «Белсату»: «Вашая місія – вельмі важная»


Размова з дэпутатам Еўрапарламенту ад Польшчы Яцэкам Сарʼюш-Вольскім.

«Белсат»: Як асабіста вы ўспрынялі тэлевізійную карцінку пратэсту ў Менску? Даўно не было столькі неабгрунтаванай жорсткасці прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Яцэк Сарʼюш-Вольскі: З аднаго боку падзеі ў Беларусі вартыя асуджэння. Гэта тое, што ўрад Лукашэнкі ўжо рабіў неаднаразова – арышты прадстаўнікоў апазіцыі ды грамадскасці. З іншага боку нічога новага – трэба было чакаць такога, бо Лукашэнка заўсёды так рабіў. Перад тым, як атрымаць грошы з Захаду, рабіўся мілы, а як атрымоўвае гэтыя грошы, то можна садзіць у турмы і высылаць АМАП супраць мірных дэманстрантаў. Гэта драматычныя падзеі, я спачуваю ўсім, хто зазнаў на сабе такі ціск. У той жа час было наіўным не разумець, што калі ідзе гаворка пра захаванне правоў чалавека, то спачатку трэба дачакацца нейкага прагрэсу ў гэтай справе, а ўжо потым здымаць санкцыі ды даваць вялікія грошы, не перад гэтым. Такім чынам апошні прыклад сведчыць, што Лукашэнка ды ягоная адміністрацыя зноў перагуляла Захад ды ЗША.

«Белсат»: Якія Захады можа зрабіць Еўропа, на вашую думку, у гэтай сітуацыі акрамя традыцыйных заклікаў офісу Вярхоўнага прадстаўніка ў замежнай палітыцы ЕЗ Фэдэрыкі Магерыні спыніць рэпрэсіі ды чарговай рэзалюцыі Еўрапарламенту?

Яцэк Сарʼюш-Вольскі: Няма добрага адказу, на пытанне, што Еўропа можа зрабіць, ёсць адказ на пытанне, што магла б зрабіць. Магла б не скасоўваць санкцыі, магла б не спяшацца даваць грошы. Ну а цяпер можа толькі выказваць занепакоенасць ды асуджэнне, з якіх нічога не вынікае. Калі Лукашэнка і ягоная адміністрацыя атрымоўваюць грошы з Еўразвязу для таго, каб збалансаваць уплыў Крамля, будзе хвіліна адлігі. А пасля будзе тое самае.

«Белсат»: Што вы можаце сказаць гледачам «Белсату» пра сітуацыю з фінансаваннем каналу?

Яцэк Сарʼюш-Вольскі: Магу толькі сказаць журналістам «Белсату», каб яны трымаліся – яны робяць вельмі добрую працу. Вельмі прыкра, што сутыкаюцца з такім ціскам падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Таму мне падаецца, што гэта не звыклая журналістка, гэта журналістыка, якая вымагае плаціць па рахунках за кошт сваёй працы. Таму маё пасланне: трымайцеся! Вашая місія вельмі важная.

Размова цалкам – у відэа вышэй.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў