Еўрадэпутат: Лукашэнка спаліў усе масты. З такой псіхікай краінай кіраваць немагчыма


Лукашэнка прафесійна раскручвае канцэпцыю дыялогу, прапанаваў дыскусію пра змену Канстытуцыі. Не трэба сябе падманваць, што гэты дыялог некуды вядзе. Дыялог з Лукашэнкам быў бы велізарнай памылкай і прыпынкам на доўгія гады, мяркуе Пятрас Аўштравічус, літоўскі дэпутат Еўрапейскага Парламенту, удзельнік дэлегацыі для дачыненняў з Беларуссю.

Паводле палітыка, Святлана Ціханоўская – прэзідэнт, якога выбралі людзі, але зрухаў у палітычным жыцці Беларусі няма, рэжым трымаецца, а жорсткасць сілавікоў нарастае. Беларусы дайшлі да адчаю, і сітуацыя вядзе да кардынальных зменаў. Інтэрв’ю нашага брусельскага карэспандэнта Алеся Сіліча з адмысловым спавяшчальнікам Еўрапарламенту аб сітуацыі ў нашай дзяржаве.

Галоўнае ў інтэрв’ю:

  • Без сумневаў Святлана Ціханоўская ёсць абраным прэзідэнтам. Настрой на вуліцах пасля выбараў даказвае, што людзі галасавалі за яе.
  • Літоўскі еўрадэпутат захапляецца людзьмі, якія працягваюць выходзіць на мітынгі, бо зрухі ў грамадскім, палітычным жыцці яшчэ не заўважныя. Лукашэнка мяняе аўтамат на аўтамат, жорсткасць сілавікоў нарастае. Людзі даведзеныя да мяжы. Сёння ён бачыць якасна іншую сітуацыю, якая вядзе да кардынальных зменаў.
  • Цяжка казаць пазітыўна пра пазіцыю Еўразвязу, хоць першыя выказванні былі часткова правільныя – прагучала заява, што выбары нелегітымныя, што трэба спыніць гвалт, вызваліць палітычных зняволеных. Але спатрэбіліся тры тыдні, каб кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жузэп Бурэль урэшце заявіў, што патрэбныя новыя выбары. Гэта няўменне пачуць людзей на вуліцы. Ёсць дэлегацыя ЕЗ у Менску. Чаму спатрэбіліся тры тыдні?
  • Другое пытанне – санкцыі. На іхную думку, з нейкай прычыны з Лукашэнкам трэба весці дыялог. Які дыялог з Мадура? Можа быць размова з Макеем, але мы і так ведаем, каго ён рэпрэзентуе. Лукашэнкі не будзе ў спісе – і гэта правал. Яшчэ адзін доказ, што палітыка ЕЗ у дачыненні Беларусі вядзе толькі да дрэнных вынікаў. Таму трэба аддаць належнае Беларусі, выправіць памылкі, якія рабіліся дзесяцігоддзямі – у спадзяванні на нешта, калі прапаноўвалі штосьці за нішто. У Еўрапарламенце ёсць шмат калегаў, якія разумеюць сітуацыю. Яны зробяць усё, але ці будзе гэта дастаткова – пабачым.
  • Лукашэнка прафесійна раскручвае канцэпцыю дыялогу, прапанаваў дыскусію пра змену Канстытуцыі. Мы ўсё гэта ведаем. Не трэба сябе падманваць, што гэты дыялог некуды вядзе. Дыялог з Лукашэнкам быў бы велізарнай памылкай і прыпынкам на доўгія гады.
  • Беларусаў хочуць утрымаць у рабстве аднаго калгасніка, і абавязак спецспавяшчальнік – расказаць пра гэта. Беларусь – гэта не забытая дзяржава без будучыні. Гэта кіраўніцтва без будучыні. Былы прэзідэнт Лукашэнка павінен быць уключаны ў санкцыйны спіс.
  • Тры галоўныя словы для Беларусі цяпер – салідарнасць, дапамога і санкцыі. Трэба да канца давесці пераходны працэс і давесці да новых выбараў. Беларусы павінны з-за мяжы чуць, што яны маюць рацыю. Трэба падтрымліваць настроі людзей. Літва, як і іншыя краіны, можа кансультаваць, але рашэнне прымуць беларусы.
  • Літоўскі еўрадэпутат зычыць Беларусі толькі дабра. Эканамічная супраца мае велізарны патэнцыял. Ён зацікаўлены ў эканамічных сувязях. Але спачатку – палітычныя перамены.
  • Не першы раз Пятрас Аўштравічус чуе пагрозы ад Лукашэнкі пакараць Літву за яе пазіцыю. Ён успрымае іх сурʼёзна, гэта можа адбыцца. Але гэта прынясе шкоду самой Беларусі. Цяпер транзіт праз Літву ідэальны, існуюць канкурэнтныя тарыфы, бо важны не толькі транзіт, але і кошт прадукту. Палітык спадзяецца, што са зменамі ў Беларусі вернуцца да нармальных эканамічных адносінаў.
  • Лукашэнка не напалохае Літву войскам, якое адправіў на заходнюю мяжу. Літва – чалец NATO. Ён мае справу не толькі з Літвой. Няма ніякага напружання на межах. У Літве няма ніякага адмысловага ваеннага статусу, але Вільня назірае. Калі што, то адказ будзе сурʼёзны. Першай Літва не стрэліць, але адкажа. І адказ можа быць розны. Робячы такія заявы, Лукашэнка спаліў усе масты. З такой псіхікай краінай кіраваць немагчыма. Гэта яшчэ адзін доказ, што Лукашэнка павінен сысці.
  • Лукашэнка – не свабодны палітык. Яму падкідваюць варыянты развіцця падзеяў, і сцэнары пішуцца ў Маскве. Ён залез у перамоўную дзірку з Расеяй, і вылезці з яе вельмі цяжка, таму ён гандлюе дзяржавай, лёсамі людзей і суверэннай будучыняй краіны. Лукашэнка не важны для Крамля, Крамлю важна мець уплыў на Беларусь. Усе крокі Крамля для кіравання сітуацыяй, высыланне сваіх так званых журналістаў з «Russia Today», паказваюць, што імперыя імкнецца ўтрымаць статус-кво. Лукашэнка тут – пасіўны гулец. Тая ж сітуацыя з «вагнэраўцамі» гэта пацвярджае. Лукашэнка ўжо заблытаўся, але сапраўдны сцэнар ляжыць у Крамлі. Таму Расея таксама нясе адказнасць за тое, што адбываецца, за нарастанне напружання. Яны павінны разумець, што гульня можа прывесці да наступстваў.
  • Будзе пленарная сесія ў справе Беларусі ў Бруселі. Еўрадэпутат спадзяецца, што Святлана Ціханоўская таксама выступіць. Палітычныя групы ў Еўрапарламенце разглядаюць кандыдатаў на Сахараўскую прэмію. Беларусь ёсць адным з калектыўных кандыдатаў, якая можа яе атрымаць. Уся палітычная апазіцыя, былая і новая, усе павінны атрымаць прызнанне. Гэта вынік дзеянняў не аднаго чалавека і не аднаго года.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 11.09.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Стужка навінаў