Эстонія запросіць да сябе 2000 IT-працаўнікоў


Паўночнаеўрапейская краіна плануе цягам пяці гадоў завезці ў краіну за 2 000 адмыслоўцаў у галіне інфармацыйных тэхналогіяў з краінаў па-за Еўразвязу.

«Праблема Эстоніі ў тым, што нам трэба больш апрацоўшчыкаў інфармацыі, праграмістаў. Мы прыдумалі, як завезці сюды за 2 000 спецыялістаў», – паведаміла ў панядзелак на прэсавай канферэнцыі міністр прадпрымальніцтва і камунікацый Урве Пала (Urve Palo).

Падрабязнасці ўрадавага плану пакуль невядомыя.

Паводле эстонскай чыноўніцы, на сёння ў Эстоніі бракуе сем тысячаў спецыялістаў у галіне IT, а да 2020 года будзе недахоп у 8600 чалавек.

Пала адзначае, што на рэалізацыю распрацаванага міністэрствам праекту на бліжэйшыя пяць гадоў спатрэбіцца 10 млн еўраў.

«Гэтыя грошы хутка вернуцца», – кажа Пала.

«Інтэрфакс» падае, што міністэрства плануе таксама стварыць працоўную групу, якая сачыла б за тым, каб тыя адмыслоўцы, якія прыязджаюць у Эстонію, знаходзілі працу і жытло.

ДД

Стужка навінаў