Эстонія: каляровая рэвалюцыя ў Беларусі прывядзе да вайны Расеі з NATO


24 лютага 2019 года. Прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд на вайсковым парадзе падчас святкавання Дня незалежнасці Эстоніі. Фота – Ints Kalnins/Reuters/Forum

12 сакавіка Дэпартамент вонкавай выведкі Эстоніі апублікаваў у штогодніку «Эстонія ў асяроддзі міжнароднай бяспекі – 2019» справаздачу аб пагрозах балтыйскім краінам.

Паводле аўтараў дакументу, адзіная сур’ёзная пагроза бяспецы ў рэгіёны – у тым ліку існаванню і суверэнітэту Эстоніі – зыходзіць ад Расеі, падае Err.ee.

Выведка адзначае, што пагроза звязаная не толькі з асіметрычнымі, утоенымі ці палітычнымі дзеяннямі, але і з патэнцыйнаю ваеннаю небяспекаю. Эстонскія спецслужбы, якія цягам апошняга дзесяцігоддзя сочаць і аналізуюць усе вучэнні расейскіх узброеных сілаў, прыходзяць да высновы, што расейскае войска ўвесь гэты час трэнуецца весці маштабную вайну з Паўночнаатлантычным альянсам.

Другая выснова дэпартаменту заключаецца ў тым, што, паводле *ацэнкі* расейскай арміі, ваенны канфлікт з NATO пачнецца з гэтак званай каляровай рэвалюцыі ў краіне, з якой мяжуе Расея, – у першую чаргу ў Беларусі.

«Калі адбудзецца нешта нечаканае з прэзідэнтам [Беларусі] Аляксандрам Лукашэнкам або яго рэжымам, то, па нашай ацэнцы, ёсць вялікая небяспека таго, што Расея хутка звернецца да ваеннага ўмяшання, каб не дапусціць ператварэння Беларусі ў празаходнюю дэмакратычную дзяржаву», – адзначаецца ў справаздачы.

Дэпартамент вонкавай выведкі лічыць, што спрэчкі паміж Масквой і Менскам ды спробы Беларусі праводзіць незалежную вонкавую палітыку хвалююць Расею і прымушаюць яе ціснуць на Лукашэнку.

«У 2018 годзе было апублікавана некалькі крытычных артыкулаў пра Лукашэнку. Напрыклад, яго абвінавачвалі ў правядзенні праўкраінскай вонкавай палітыкі і распаўсюджвалі інфармацыю, што Лукашэнка стаў непрацаздольным з-за нібыта перажытага інсульту. Таксама рэгулярна выходзілі артыкулы пра незадаволенасць Пуціна дзеяннямі Лукашэнкі і пра тое, што Крэмль вывучае магчымасці скінуць Лукашэнку на будучых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах», – гаворыцца ў штогодніку.

Паводле Дэпартаменту вонкавай выведкі, менавіта краіны Балтыі з’яўляюцца той часткай NATO, на якую Расеі ва ўмовах патэнцыйнага крызісу прасцей за ўсё напасці, каб змяніць у спрыяльным для сябе кірунку вайсковы баланс сілаў у рэгіёне Балтыйскага мора.

Таму, пішуць эксперты, Эстонія павінная быць гатовая да нападу з боку Расеі таксама ў выпадку, калі канфлікт пачнецца ў іншым месцы.

  • Месяц таму падобную справаздачу апублікавалі літоўскія спецслужбы. Паводле Дэпартаменту дзяржбяспекі Літвы, галоўная пагроза іхнай краіне зыходзіць ад Расеі, якая часта дзейнічае на тэрыторыі Беларусі – напрыклад, вярбуе ў нашай краіне літоўскіх грамадзянаў.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары