ЕСПЧ абавязаў Расею выплаціць 10 млн еўраў за дэпартацыю грузінаў


Паседжанне ЕСПЧ. Фота - golos-ameriki.ru

Еўрапейскі суд па правах чалавека задаволіў пазоў Грузіі аб кампенсацыі за дэпартацыю грузінаў з Расеі ў 2006 годзе. Агульную суму выплат суд вызначыў у 10 мільёнаў еўраў.

Суд пастанавіў, што дэпартацыя закранула не менш за 1500 грамадзянаў Грузіі. 10 мільёнаў еўра па вырашэнні ЕСПЧ павінны быць размеркаваны паміж пацярпелымі. Кожны, хто быў дэпартаваны, атрымае па 2 тысячы еўра. Тыя, хто быў незаконна пазбаўлены свабоды і іхныя умовы ўтрымання пад вартай былі парушаныя, атрымаюць ад 10 тысяч да 15 тысяч еўраў, піша «Медуза».

Пазоў у ЕСПЧ аб масавай дэпартацыі грамадзянаў Грузіі быў пададзены ў 2015 годзе. Сума патрабаванняў складала больш за 70 мільёнаў еўраў.

У 2006 годзе ў Грузіі паводле абвінавачання ў шпіянажы былі арыштаваныя чацвёра працаўнікоў расейскага Галоўнага выведкавага ўпраўлення. У адказ на арышт афіцэраў ГРУ Расея пачала масава высылаць грамадзянаў Грузіі за парушэнне візавага рэжыму. Усяго, паводле Мінюсту Грузіі, тады былі дэпартаваныя 4634 чалавека.

Бі-бі-сі адзначае, што скарга з нагоды дэпартацыі грузінаў – гэта першы, але не адзіны пазоў, які Грузія падала супраць Расеі ў ЕСПЧ. Суд ужо правёў слуханні паводле пазову Грузіі супраць Расеі ў сувязі з вайной 2008 года. А ў жніўні 2018 года Грузія падала яшчэ адну скаргу на Расею, якая датычыць парушэнняў правоў чалавека ў сепаратысцкіх рэспубліках Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і ўздоўж іх непрызнаных межаў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары