Эскалацыя на Данбасе: загінула да 20 байцоў з абодвух бакоў


Яшчэ дзясяткі людзей маглі атрымаць раненні ў выніку стралковага і артылерыйскага агню.

Да 20 чалавек забітымі з абодвух бакоў маглі загінуць у апошнія 2 дні ў выніку баёў на паўночным адрэзку лініі супрацьстаяння ўкраінскіх і прарасейскіх узброеных фармаванняў на Данбасе – у раёне вёскі Жалабок.

У гэтым раёне праходзіць траса Р-66, якая вядзе да Луганску. Барацьба за кантроль за населенымі кропкамі ўздоўж гэтай дарогі пачалася яшчэ ў 2014 годзе, і не спыняецца дагэтуль.

Украінская мотапяхота. Фота wikimedia.org

«Гэтая тэрыторыя павінная была па ўмовах перамір’я кантралявацца ўкраінскімі войскамі. Аднак расейскае камандаванне неаднаразова наносіла ўдары, каб зрэзаць выступ [украінскай лініі фронту], заняць пасёлак Крымскае і выйсці на гэтым участку да ракі Северскі Данец. Падчас баёў у кастрычніку 2014-га і ў студзені–лютым 2015-га праціўнік парушыў Менскія пагадненні і захапіў частку гэтага раёну», – распавёў галоўны рэдактар украінскага сайта «Цэнзор.НЕТ» Юры Бутусаў.

Паміж пазіцыямі прарасейскіх узброеных фармаванняў так званай Луганскай народнай рэспублікі і ўкраінскай арміі знаходзіцца так званая «шэрая зона» – нікому не падкантрольная тэрыторыя ад некалькіх сотняў да пары кіламетраў у глыбіню. Звычайна сюды робяць вылазкі дыверсійна-разведвальныя групы, ладзяцца засады, тут ставяць міны і «расцяжкі».

У сувязі з гэтым ужо не першы месяц украінская армія паступова ліквідуе «шэрыя зоны», займаючы іх сваймі пазіцыямі. Пад Жалабком гэта зрабіла 93-я механізаваная брыгада, якая, паводле ўкраінскіх дадзеных, сваймі асобныя падраздзяленнямі заняла важную вышыню, якая кантралюе навакольны раён і паўночную частку сяла.

З боку прарасейскіх баевікоў украінцам супрацьстаіць батальён «Призрак», які меў гэтым раёне некалькі блокпастоў і назіральных кропак. Відавочна, украінцы адкінулі праціўніка з перадавых пазіцый, у выніку чаго да бою далучыліся падраздзяленні 4-й брыгады войск ЛНР, піша адзін з баевікоў масквіч Андрэй Марозаў.

«Устойлівасць абароне праціўніка забяспечваюць, па-першае, артылерыя і сродкі агнявога падтрымання 4-й брыгады наймітаў, якія выклікаюцца для агнявой падтрымання, а па-другое, мабільныя рэзервы – танкі і пяхоты, якія знаходзяцца вельмі блізка ад перадавой і хутка перакідваюцца з бліжэйшых населеных пунктаў. Дзякуючы стараннай падрыхтоўцы, гэтая схема абароны ў праціўніка не спрацавала», – распавядае Бутусаў.

«Жалабок дзеляць паміж сабой «Призрак» (таксама падраздзяленні 4-й брыгады і нейкія казакі, якія прыйшлі на дапамогу) з украмі… Пазіцыі на захопленых вышынях засталіся за украмі», – напісаў у сваім акаўнце былы камандуючы расейскімі баевікамі на Данбасе Ігар Гіркін (Стралкоў). Паводле Гіркіна, сілы ЛНР аказаліся негатовыя адбіць рух украінскага войска.

Мапа палажэння з сайта http://militarymaps.info/

Дакладныя страты бакоў невядомыя – і ўкраінскія, і расейскія крыніцы распавялі, што знішчылі як мінімум па 10 жаўнераў праціўніка, а свае ўласныя страты пазначылі ў 1–3 чалавекі. Такім чынам страты бакоў маглі складаць да 20 чалавек, але параненых магло быць у некалькі раз болей.

«Афіцыйныя прадстаўнікі Украіны адзначылі, што Кіеў не парушаў Менскіх пагадненняў: «На працягу дня [7-га чэрвеня] расейска-тэрырыстычныя незаконныя ўзброеныя фармаванні спрабавалі захапіць апорныя пункты сіл антытэрарыстычнай аперацыі шляхам пашырэння плацдарму каля вёскі Жалабок», – гаворыцца ў паведамленні прэс-цэнтра Антытэрарыстычнай аперацыі.

Іншы акцэнт зрабіў Юры Бутусаў, які агучыў неафіцыйную ўкраінскую ацэнку сітуацыі: «Ініцыятыва ў баявых дзеяннях у гэтым раёне застаецца за ўкраінскімі ваярамі. Парушэнне Менскіх пагадненняў у дадзеным раёне ажыццяўляецца толькі расейскімі наймітамі, якія працягваюць утрымліваць пазіцыі, якія, згодна з Менскімі пагадненнямі, адведзеныя пад украінскі кантроль».

У той жа час расейская прэса і прадстаўнікі баевікоў не першы месяц абвінавачваюць украінскія войскі ў «паўзучым наступе» на свае пазіцыі.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў