Эрдаган заявіў, што ў Лівіі ваююць 2 тысячы наймітаў «ПВК Вагнэра»


Падчас візіту ў Туніс прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што ў зоне лівійскага канфлікту знаходзяцца каля 2 тысяч расейскіх наймітаў. Пра гэта паведамляе агенцтва «Анадолу».

Па словах Эрдагана, у зоне лівійскага канфлікту знаходзяцца найміты з розных краінаў свету.

«Для чаго і чаму сёння ў Лівіі знаходзяцца пяць тысяч наймітаў з Судана і дзве тысячы наймітаў з «ПВК Вагнэра»? Што яны там робяць?» – сказаў ён.

Эрдаган лічыць нелегітымным урад Халіфа Хафтара, якога падтрымлівае Крэмль.

«Турцыя ладзіць сумесныя крокі з прызнаным на міжнародным узроўні Урадам нацыянальнай згоды Лівіі. Халіфа Хафтар не прызнаны на міжнародным узроўні. У яго няма паўнамоцтваў, чаго не скажаш пра кіраўніка Урада нацзгоды Лівіі Фаіза Сараджы. Мы не павінны дапусціць парушэння правоў нашых братоў у Лівіі», – сказаў турэцкі лідар.

Каментуючы магчымасць адпраўкі турэцкага кантынгенту ў Лівію, Эрдаган адзначыў:

«Турцыя яшчэ ніколі не была «няпрошаным госцем». Калі паступіць адпаведны зварот ад лівійскіх уладаў, мы разгледзім гэтае пытанне».

З таго часу як у 2011 годзе быў зрынуты і забіты кіраўнік Муамар Кадафі, у Лівіі пануе палітычная нестабільнасць і двоеўладдзе. На захадзе краіны, у Трыпалі, размяшчаецца ўрад нацыянальнай згоды, сфармаваны пры падтрымцы ААН і прызнаны міжнароднай супольнасцю. На ўсходзе знаходзіцца парламент і армія пад камандаваннем фельдмаршала Халіфа Хафтара.

У апошнія гады Хафтар наладзіў шчыльныя стасункі з Масквой. Паводле СМІ, частку вагнэраўцаў летась перакінулі ў Лівію, таксама Расея пастаўляе туды ўзбраенне. У красавіку 2019 года Хафтар актывізаваў свае дзеянні і пачаў наступ на Трыпалі.

Hавiны
ЗША: канфлікт у Лівіі робіцца больш крывавым праз расейскіх наймітаў
2019.12.22 08:21

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў