Эрдаган: Больш за 50 чалавек на вяселлі ў Турцыі забіў падлетак-смяротнік


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў, што напад у турэцкім горадзе Газіантэпе (Gaziantep), у выніку якога загінуў 51 чалавек, здзейсніў смяротнік ва ўзросце 12-14 гадоў.

У выніку выбуху бомбы былі параненыя 69 чалавек, з іх 17 знаходзяцца ў цяжкім стане. Ахвярамі тэракту сталі госці вясельнай імпрэзы, якія выйшлі весяліцца на вуліцы гораду.

«Святкаванне вяселля падыходзіла да канца, калі раптам прагрымеў вялікі выбух у натоўпе людзей, якія танцавалі. Кроў і часткі целаў былі паўсюль», – распавёў адзін з відавочцаў трагедыі.

Раней Эрдаган абвінаваціў у нападзе баевікоў экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

На поўначы Сірыі, акурат на поўдзень ад Газіантэпу, цяпер ідуць баі паміж курдскімі ўзброенымі фармаваннямі і баевікамі ІД.

Газіантэп знаходзіцца прыкладна ў 60 км на поўнач ад сірыйскай мяжы. У ім жывуць пераважна курды.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў