ЕўрАзЭС хоча, каб беларусы болей плацілі за жыллё. Улады абяцаюць рост тарыфаў на $ 5 у год


Антыкрызісны фонд (АКФ) ЕўрАзЭС, з якім Беларусь абмяркоўвае новую крэдытную праграму, рэкамендуе беларускім уладам як мага хутчэй павышаць тарыфы на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі.

Рэкамендацыі АКФ апублікаваныя па выніках праведзенага 18-22 траўня візіту ў Менск місіі фонду.

Аднолькавыя тарыфы на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі для насельніцтва на ўзроўні значна ніжэйшым за сабекошт ствараюць дадатковую нагрузку на бюджэт, праз які субсідуецца ўсё насельніцтва незалежна ад узроўню прыбыткаў, і зніжаюць канкурэнтаздольнасць рэальнага сектару, гаворыцца ў паведамленні Еўразійскага банку развіцця, які з’яўляецца кіраўніком сродкамі АКФ.

На думку экспертаў АКФ, пераход да акупляльных тарыфаў на платныя паслугі для насельніцтва ў Беларусі «павінен прайсці як мага хутчэй». Гэта вызваліла б з бюджэту рэсурсы для дапамогі найбольш бедным групам насельніцтва, лічаць эканамісты праектнай групы фонду, падае БелаПАН.

Эканаміст Леанід Заіка падкрэсліў, што патрабаванне Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС з’яўляецца стандартным. «Аплачванне рэальнага кошту газу, электраэнергіі, транспарту і жытла – гэта надзвычай вялікая нагрузка на дзяржаўны бюджэт. Таму Антыкрызісны фонд і патрабуе як мага хутчэйшага павышэння тарыфаў, бо, трэба прызнаць, беларусы плацяць за транспарт і жытло найменш у Еўропе. Каб эканоміка запрацавала эфектыўней, трэба разгрузіць бюджэт», – адзначыў адмысловец.

Паводле спецыяліста, чарговы крэдыт, які спрабуе атрымаць Беларусь ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, – зусім бессэнсоўны. «Гэты крэдыт нічога не зменіць у Беларусі. Усё застанецца па-ранейшаму. Эканоміка не стане больш магутнай. Ужо цяпер на кожнага беларуса прыпадае каля $ 4 тыс. замежнага доўгу. Калі атрымаем транш ад Кітаю, будзе $ 4,7 тыс. Хто будзе аддаваць гэтую пазыку? Лукашэнка ці ягоны прэм’ер-міністр? Відавочна, што не. Грошы будуць павінны аддаць будучыя пакаленні. Кіраўніцтва краіны проста бярэ крэдыт, каб даўжэй застацца ва ўладзе», – падкрэсліў спадар Леанід Заіка.

Тэмпы падаражэння жыллёва-камунальных паслуг захаваюцца ў 2015, 2016 і 2017 гадах на ўзроўні $ 5 у год, заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Калінін на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламенту 29 траўня, падае радыё «Свабода».

Віцэ-прэм’ер дадаў, што да канца 2015 года насельніцтва будзе аплачваць 40% выдаткаў дзяржавы ў сферы ЖКГ, а са студзеня 2016 года, калі плануецца ў чарговы раз падняць кошт жыллёва-камунальных паслугаў, напрыклад, насельніцтва пачне аплочваць 100% выдаткаў на вываз смецця і карыстанне ліфтам.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў