Эпідэмія ўдыхнула жыццё ў беларускую вёску


Маеш камп’ютар з інтэрнэтам і працу, якая дазваляе рабіць па-за офісам – не прападзеш. Belsat.eu даведаўся пра тое, як ўладкавалі сваё жыццё сем’і, якія для самаізаляцыі выбралі беларускую вёску.

Яднанне сям’і ў бацькоўскім доме

Далей ад натоўпаў людзей мянчанка Кацярына ўцякла на стыку сакавіка і красавіка. Каця спецыялізуецца на суправаджэнні партнёрскіх праграм у сталічнай кансалтынгавай кампаніі. Магчымасць працаваць па-за офісам яна абмеркавала з кіраўніком яшчэ ў канцы сакавіка.

«Ён адразу пагадзіўся і адправіў па дамах увесь аддзел. Тыдзень я працавала ў Менску. Зрабіла выснову, што ў кватэры складана знаходзіцца на самаізаляцыі».

Кацярына сабрала рэчы і з’ехала ў сваю родную вёску, якая носіць сімвалічную назву Воля. Паселішча месціцца ў Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці, гэта 210 кіламетраў ад Менску. Тут жывуць бацькі Кацярыны, сюды ж прыехаў ейны брат, які таксама мае магчымасць працаваць на адлегласці.

Кацярына выехала са сталіцы, каб перачакаць эпідэмію ў бацькоўскім доме пад Івацэвічамі. Фота суразмоўцы

З бацькоўскага дому Кацярына працуе ўжо два тыдні. Кажа, што пашанцавала з прафесіяй, бо ўсё неабходнае дзеля выконвання абавязкаў – гэта ноўтбук з інтэрнэтам.

«Я тут вырасла, таму маю чым тут заняцца, акрамя працы. Да таго ж у вёсцы не трэба старацца трымаць дыстанцыю, бо людзей тут мала. Свой двор і свежае паветра – гэта адназначна лепш, чым сядзець у кватэры і выбірацца ў краму, вылічваючы найбольш небяспечны час».

Па харчы ў Івацэвічах ездзіць мама Кацярыны, якая працуе ў горадзе. У краму яна апранае маску і пальчаткі.

Заставацца ў роднай Волі Кацярына мяркуе да восені. Што праўда ў Менску ў яе засталася арэндаваная кватэра, а гэта лішнія выдаткі: «Падумвала вясну і лета правесці тут, але ў выніку аплаціла яшчэ на месяц. Магчыма, ён будзе апошні».

Кацярына прызнаецца, што падчас самаізаляцыі намагаецца рабіць тое, на што раней не ставала часу: чытае кнігі, глядзіць фільмы, размаўляе з дарагімі ёй людзьмі.

«Я лічу, што мы жывем у цікавы час. Каб вось так усё раптоўна спынілася, усё зачынілася і нічога не адбывалася ва ўсім свеце, апроч беларускага футбола – калі такое было? Думаю, кожнаму ёсць пра што падумаць і перазагрузіцца».

Доўгачаканы рамонт на хутары

Дом у вёсцы Вялічкі Пастаўскага раёну на Віцебшчыне. Фота Аляксея Мінчонка

Для дырэктара сакратарыяту Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Аляксея Мінчонка – эпідэмія сталася нагодаю прывесці ў парадак дом на хутары. Арганізацыя працуе на адлегласць ужо амаль месяц. Агулам галіна НДА адною з першых адрэагавала на сітуацыю з каронавірусам, кажа суразмоўца.

Аляксей з Менску з’ехаў за 200 км на хутар у вёсцы Вялічкі Пастаўскага раёну Віцебскай вобласці. Ад Аляксеевай хаты да мяжы з Літвою – менш за 2 кіламетры.

«Так супала, што ў нас была неабходнасць зрабіць невялікі рамонт на хутары, таму я вырашыў спалучыць карыснае з карысным. Сёння вось засвоілі прафесію тынкоўшчыкаў, заўтра будзем фарбаваць сцены».

На хутары Аляксей ужо тры тыдні, апошні з якіх – разам з жонкаю Ганнай Дапшэвічутэ, якая таксама працуе ў галіне недзяржаўных арганізацыяў.

Аляксей Мінчонак працуе ў галіне НДА, пад час эпідэміі жыве на хутары ля мяжы з Літвою. Фота суразмоўцы

«З ежай праблемаў няма, маем аўта і можам паехаць у Лынтупы ў краму. Там усё выглядае больш-менш бяспечна, усе гандляркі ў масках, насельніцтва таксама. Пра медыцыну неяк зусім не задумваліся, можа таму, што яшчэ маладыя. Але як што – зноў-такі, маем аўта і да цывілізацыі даедзем хутка», – кажа гаспадар.

Хутар бязлюдны, а ў вёсцы жылыя толькі два дамы, гэта больш чымся ў паўкіламетра.

«Чалавек тут – рэдкі звер. Затое цягам гэтых трох тыдняў бачыў журавоў, буслоў, безліч розных драпежных птушак, шмат казуляў, два трусы, тры лісіцы і ласі».

Заход сонца ў вёсцы Вялічкі Пастаўскага раёну на Віцебшчыне. Фота Аляксея Мінчонка

Мабільная сувязь на хутары недаступная, але інтэрнэт ёсць, дзякуючы ўзмацняльнай антэне. Заставацца на лічбавай сувязі з цывілізацыяй Аляксей і Ганна збіраюцца, пакуль не зменіцца эпідэміялагічная сітуацыя.

«За сябе не страшна, бо тут досыць бяспечна. Хвалюемся за родных, якія ў гарадах засталіся, і за краіну ў цэлым, бо тое, як на пандэмію рэагуюць улады, выклікае ў нас шмат пытанняў».

Усе хто мог, пакінулі гарады

Журналістка Вольга Чэкулаева ўжо месяц, як змяніла гарадскую кватэру на дом у вёсцы Кучкі ў Вілейскім раёне. І самой, і мужу – дырэктару Бізнес-школы ІПМ Паўлу Данейку – удаецца працаваць онлайн. Сп. Павел за кампʼютарам ад дзявятай раніцы да позняга вечара – нарады і заняткі адбываюцца праз Zoom.

«Наагул у вёску прыехала даволі шмат народу. Усе, хто можа працаваць здаля або ўзяць адпачынак, цяпер тут».

Жыццё ў самаізаляцыі. Вёска Кучкі Менскай вобласці

Калектыўнае вясковае жыццё вельмі змянілася – распавядае Вольга. З суседзямі кантактуюць толькі на вуліцы, адмянілі нядзельны валейбол, адклалі суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Засталіся толькі прагулкі з сабакам, якія спалучаем з прыбіраннем смецця ў лесе.

Харчамі Вольга назапасілася надоўга. Спадзявалася таксама на прыдарожны кірмаш.

«Аказалася, сельскія жыхары не прыслухоўваюцца да парадаў прэзідэнта, гандляваць ужо не выходзяць, сядзяць па дамах. На Вялікдзень большасць самі асвяцілі паскі і яйкі вадохрышчанскаю вадой».

Госці імпрэзы ў Кучках, 2019. Сёлета з-за каронавірусу канцэрту у вёсцы не будзе. Фота суразмоўцаў

Разбурыў каронавірус гарадское жыццё, зменіць і культурнае ў Кучках. Два летнія сезоны запар Вольга запрашала туды музыкаў з канцэртамі. Наведваліся Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Камоцкі, гурты «Крыві» ды «Крама», «Беларускі свабодны тэатр».

«І на гэты сезон ужо былі дамоўленасці. Але, на жаль, усё адмяняецца», – уздыхае арганізатарка.

Заставацца ў вёсцы Вольга і Павел плануюць прынамсі да сярэдзіны лета.

«Трывожна, што цяпер многія могуць страціць справу, якой прысвяцілі гады жыцця. Крыўдна, што кіраўнік краіны не хоча ўзяць адказнасць за прыняцце непапулярных рашэнняў. Сорамна, што робімся пасмешышчам для цывілізаванага свету. Але ёсць надзея, што нашая эпідслужба справіцца, насуперак усім перашкодам».

Анастасія Русецкая Belsat.eu

Стужка навінаў