Эпідэмія сарвала адпачынак? Вяртайце грошы за квіткі


Лоўкостэры найхутчэй кампенсуюць кліентам страты за адмененыя рэйсы. Ілюстратыўны здымак Pixabay

Каронакрызіс найбольш моцна ўдарыў па турыстычнай індустрыі. Краіны закрылі межы, адмянілі рэйсы. Планы на адпачынак зруйнаваныя, але аплочаныя квіткі засталіся на руках. “Белсат” высветліў, якія кампаніі кампенсуюць страты кліентаў і куды варта звяртацца.

Лоўкостэры разлічацца хутка

Найбольш папулярныя еўрапейскія авіяперавознікі эканамічнага класу, званыя лоўкостэрамі – «WizzAir» і «Ryanair» завычай не вяртаюць грошай за квіткі. Але ў часе пандэміі іхная палітыка змянілася.

Авіакампанія «Ryanair» прапаноўвае вяртанне грошай ў поўным аб’ёме за квіткі на адмененыя рэйсы. Можна таксама бясплатна змяніць маршрут ці даты палёту. Адказ на просьбу кліента мае прыйсці цягам сямі працоўных дзён – паведамляе старонка кампаніі.

«Ryanair марудзіў з адказам на маю просьбу вярнуць грошы за квіток. У выніку запрапанавалі ваучэр, які пакрывае 100 % кошту майго квітка. Скарыстацца ім я магу цягам года. Не вядома, ці атрымаецца гэта зрабіць, бо межы ўсцяж закрытыя. Авіякампанія запэўніла, што калі я не выкарыстаю ваучэр, то мне вернуць грошы», – кажа дырэктар лагістычнай кампаніі Юрась Валёнак, які мусіў ляцець у Італію.

Wizzair чакае на аднаўленне авіяпералётаў, прыпыненых праз пандэмію. Ілюстратыўны здымак Pixabay

Падобная працэдура вяртання грошай і ў іншай папулярнай бюджэтнай авіякампаніі «WizzAir». Яны абяцаюць кампенсаваць кошты за адменены рэйс ваучэрам на 120 %.

«Прыкладна праз 2 тыдні мне напісалі з кампаніі, што могуць вярнуць нявыкарыстаны з-за эпідэміі квіток адмысловымі «віззкрэдытамі» і гэта будзе найхутчэй. Магчыма таксама атрымаць суму грашыма на картку. Я пагадзіўся на першы варыянт. Сапраўды, усе даволі хутка дайшло. Чуў гісторыі ад сяброў, якія вырашылі вярнуць наяўныя, што грошы ідуць мінімум 2 месяцы», – распавядае Алесь Крот, які планаваў паляцець з Літвы ў Грузію ў сакавіку.

«Белавія»: тэрмін вяртання сродкаў павялічаны

Беларускі нацыянальны перавознік таксама кампенсуе пасажырам адмененыя рэйсы. Абяцае ці вярнуць грошы ў поўным памеры, ці даць магчымасць выбраць іншую дату рэйсу. Аднак пакуль што пасажыры сутыкаюцца са складанасцямі пры кампенсацыі сродкаў. Трэба перадусім запоўніць форму на старонцы і накіраваць на электронную пошту support@belavia.by. Грошы мусяць вярнуць на працягу 20 працоўных дзён.

Наталля Драгальчук мусіла ляцець у Тбілісі і Кіеў, але праз пандэмію рэйсы скасавалі. Праз некалькі дзён пасля гэтага яна звярнулася ў авіякампанію. Адказ атрымала толькі праз месяц.

«Праз месяц мне адказалі, маўляў, у іх зараз вельмі шмат зваротаў, таму тэрміны вяртання грошай павялічыліся. Больш са мною на сувязь яны не выходзілі», – кажа дзяўчына.

Будзе адмысловы закон

Лоўкостэры прапануюць ляцець пазней ці вяртаюць грошы. Ілюстратыўны здымак Pixabay

Умяшацца і дапамагчы беларускім турыстам вырашылі ўлады. У распрацоўцы адмысловы нарматыўна-прававы акт, які дапаможа вярнуць арганізаваным турыстам грошы за нявыкарыстаныя пуцёўкі.

«Мы некалькі разоў сутыкаліся з нашымі галоўнымі турыстычнымі асацыяцыямі, якія яднаюць турыстычную галіну. Для іх гэта вельмі важнае і балючае пытанне», – сказаў першы віцэ-міністр Дзмітрый Крутой.

Паводле яго, зараз урад разглядае магчымасці вяртання грошай. Не выключае і прыцягнення банкаў.

Раней беларускія звязы турыстычных арганізацыяў заклікалі ўрад адтэрмінаваць вяртанні кліентам грошай за пуцёўкі да канца 2021 года. Страты беларускай турыстычнай індустрыі адмыслоўцы ацэньваюць у BR 400 млн.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў