Эпідэміі Эболы ў Еўропе баяліся больш, чым у Афрыцы


Эпідэмію вірусу Эбола, здаецца, амаль удалося ўтаймаваць. З пачатку красавіка ў Ліберыі, краіне, найбольш пацярпелай ад эпідэміі, не зарэгістравана новых інфікаваных. Карэспандэнтка «Белсату» у Нямеччыне Жанна Кромер сустрэлася з дыпламаваным псіхолагам ды выбітным пісьменнікам Райнэрам Мэркель, які ў самы разгар эпідэміі вірусу Эбола паехаў у Ліберыю.

Чаму Вы паехалі ў Ліберыю, гэта ж было так небяспечна?

Перш за ўсё таму, што ў мяне там добрыя кантакты. Да гэтага я год працаваў у сталіцы Ліберыі – Манровіі, быў кіраўніком адзінай псіхіятрычнай клінікі ў Ліберыі, і мае знаёмыя там засталіся і працуюць далей. Калі ў верасні я пабачыў першыя рэпартажы пра эпідэмію, мне падалося, што яны вельмі аднабокія, і я адчуў патрэбу пабачыць усё на свае вочы ды, магчыма, напісаць пра тое, што адбываецца, троху з іншага боку. Доўга раздумваў, абмяркоўваў гэтую тэму са сваім выдавецтвам і з газетаю, з якою супрацоўнічаю, ды пастанавіў з’ездзіць на тыдзень, каб скласці ўласнае ўражанне.

У першую чаргу я пабачыў заангажаванасць саміх ліберыйцаў: яны больш спакойна і ўпэўнена ставяцца да праблемы, чым мы тут, у Еўропе. У Еўропе – паніка.

Я адчуваў не толькі свой асабісты страх, але і страх навакольных. Мае самыя блізкія сябры былі напужаныя, выказвалі непрыемныя рэакцыі. Шмат хто палічыў мяне ненармальным. Былі нават агрэсіўныя выпады ў мой бок.

Так што я перастаў расказваць пра свае планы, і большасць блізкіх проста не ведала, што я некуды еду. А пасля таго, як я вярнуўся цалкам здаровы, са мной ніхто не хацеў сустракацца, адно радыё нават адмяніла эфір са мною.

А ліберыйцы ўжо прайшлі грамадзянскую вайну, і яны самастойна і спакойна змагаюцца з праблемаю, самаарганізоўваюцца, дапамагаюць адзін аднаму. НДА, з якой я супрацоўнічаў, – цалкам ліберыйская. Яе асноўны профіль – мастацтва. Яе ўдзельнікі хочуць пабудаваць першы кінатэатр у Ліберыі, ездзяць на перыферыю, паказваюць фільмы з Чарлі Чапліным… Але, калі прыйшла эпідэмія, яны пачалі ездзіць па вёсках і чытаць лекцыі пра захады бяспекі. Я пабачыў, што гэтыя людзі ўмеюць браць свой лёс у свае рукі, прычым незалежна ад міжнароднай дапамогі, ад фінансавага падтрымання, дзеюць самі.

З медыяў мы бачылі, што трэба было насіць маскі ды касцюмы, рабіць складаныя рэчы, каб не заразіцца. Што даводзілася рабіць Вам, каб застацца здаровым?

Гэта сапраўды так, карцінка ў медыях заўсёды адна і тая ж. Калі справа датычыць Эболы, мы бачым людзей у строях і масках. Насамрэч гэтак трэба апранацца толькі медыкам у зоне высокай рызыкі, напрыклад, у лякарнях для інфікаваных. У шпіталях «Дактароў бяз межаў«, дзе рызыка ацэньваецца ўжо толькі як сярэдняя, такога рабіць не трэба. Звычайна было проста дастаткова не дакранацца да іншых і мыць рукі з хлёркаю. Цяжка прызвычаіцца нікому не падаваць рукі ды не абдымаць.

Перад кожным будынкам, перад міністэрствамі, рэстаранамі ды крамамі, стаіць вядро з хлараванаю вадою, а на дарогах – паўсюль пастарункі, у якіх адмысловым медычным апаратам, які прыстаўляюць да галавы, мераюць тэмпературу. Шчыра кажучы, я яшчэ ніколі ў жыцці гэтак частане мыў рук і не мераў тэмпературы.

Падобна, што эпідэмія ідзе на спад. Гэта добра. Дык чаму мы ўсе, Афрыка і рэшта свету, навучыліся за гэты час?

Мы мусім навучыцца таму, каб не бачыць у Афрыцы толькі ахвяру. У іх высокі патэнцыял, і яны здольныя да самаарганізацыі. Што датычыць міжнароднай дапамогі, то грошы можна было ўкласці інакш. Цяпер у Ліберыі пабудавалі вельмі шмат вялікіх лякарняў, якія не запоўненыя хворымі. Але варта было б гэтыя ж грошы лепш укласці ў развіццё медычнай сістэмы агулам, бо менавіта праз яе неразвітасць і адбыўся выбух эпідэміі.

Гутарыла Жанна Кромер, «Белсат», Берлін

Стужка навінаў