«Энцыклапедыю жыцця пасляваеннай Горадні» Саяпіна «разабралі» да пачатку прэзентацыі


Прэзентацыя кнігі

Гарадзенцам прэзентавалі ўжо дваццатую кнігу вядомага краязнаўца Віктара Саяпіна пад назвай «Горадня і гарадзенцы. 30 год ХХ стагоддзя». У актаваю залу абласной бібліятэкі імя Я.Карскага, дзе адбывалася прэзентацыя кнігі, было не праціснуцца. А кнігі, прывезеныя выдавецтвам, разышліся яшчэ да пачатку прэзентацыі. Чым выкліканы такі ажыятаж, распавядае карэспандэнт Belsat.eu.

Для гарадзенцаў пра гарадзенцаў

Новая кніга Віктара Саяпіна – сапраўдная энцыклапедыя жыцця пасляваеннай Горадні. Змест сягае з 1944 году па 1974 год. Тут ёсць гісторыя афармлення гарадской рысы ў пасляваенныя часы, арганізацыя аховы здароўя гараджанаў, гісторыя пасляваеннай прамысловасці, адукацыі ды культуры. Аўтар узгадвае і тыя праекты, якія савецкая ўлада запланавала, але не рэалізавала.

Віктар Саяпін. На прэзентацыі адсутнічаў праз хваробу

Віктар Саяпін не забыўся і пра штодзённае жыццё простых людзей. А некаторыя з гарадзенцаў тых часоў увогуле застаюцца легендарнымі і па сённяшні дзень.

«У гэтай кнізе ёсць постаці, пра якіх варта ўзгадаць, як той жа Лютэк – фантастычны чалавек, пра якога мы забыліся. Цікавы чалавек Мікалай Вагнэр, на жаль забыты зараз», – звяртае ўвагу Аляксандр Рыжы, які рабіў вёрстку кнігі.

Аляксандр Рыжы

Гарадзенскі дзівак «кукарэкаў» за грошы

Сапраўды, Лютэка-Кукарэку ведае ледзь не кожны сталы гарадзенец. Маладому ж пакаленню пра дзівака, які вёў аскетычны лад жыцця, сто адсоткаў распавядалі бацькі. Лютэк-Кукарэка быў выхадцам з заможнай сям’і, але атрымаўшы кантузію падчас Другой Сусветнай вайны ён стаў інвалідам. Яго ведалі як, дзівак невялічкага росту, які збірае бутэлькі ды здае іх, а атрыманыя грошы аддае на дабрачыннасць. Другая частка мянушкі – Кукарэка, дадалася з цягам часу. Ён умеў кукарэкаць як певень, праўда, за грошы. Спачатку браў за адну «кукарэку» 15 савецкіх капеек, а ў часы перабудовы цэлы рубель. Маўляў, жыццё даражэе, таму і «кукарэканне» падаражэла.

Актор-гомасэксуаліст, які стварыў «кропку» для «тусовак» хіпі

Вышэйузгаданы Мікалай Вагнэр быў акторам. Але актор нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі быў не патрэбны савецкай сістэме. Спачатку Вагнэру не давалі працаваць, а потым яго пачалі накіроўваць на прымусовае псіхалагічнае лячэнне. Але былы актор знайшоў сабе блізкіх па духу людзей сярод гарадзенскіх хіпі 1970 гадоў.У яго доме заўсёды гучала «несавецкая» музыка, а кожны «хіпар» мог атрымаць там прытулак. Бо яго дом быў «кропкай» гарадзенскай хіпарскай тусоўкі. У гэтым кантэксце аўтар узгадвае сведчанні пра «бітламанію» тых часоў у Горадні.

Чым закусвалі піва гарадзенцы, калі не было салёнай рыбы?

Знайшлося месца ў кнізе і постацям славутых на ўсю Беларусь літаратараў Міхася Васілька ды Аляксея Карпюка. Заканчваецца кніга гісторыяй сустрэчы Новага году «па-гарадзенску», тлумачэннямі чаму гарадзенцы пілі піва з «салёных куфляў», калі ў піўных не прадавалася рыба на закуску, ды гісторыяй гарадзенскага спорту. У выданні ёсць яшчэ вельмі шмат цікавых гісторыяў, з якімі варта азнаёміцца кожнаму аматару краязнаўства асабіста. Кнігу выдала гарадзенскае выдавецтва «ЮрСаПрынт» накладам у 150 экзэмпляраў. Сам аўтар, на жаль, не змог прысутнічаць на прэзентацыі з-за хваробы.

Віктар Саяпін – адстаўны афіцэр, працаваў мытнікам, вядомы гарадзенскі краязнаўца, спецыяліст па пасляваеннай гісторыі Горадні, аўтар 20 кніг ды шматлікіх публікацыяў. Вядоўца і стваральнік перадачы на гарадзенскім тэлебачанні «Гарадзенскі каляндар». У 2013 годзе быў узнагароджаны няўрадавай прэміяй імя Ю. Ядкоўскага за заслугі ў даследаванні гарадзенскай гісторыі. У верасні 2016 году Віктара Саяпіна занеслі ў кнігу Славы Горадні.

Чытайце таксама:

МД, belsat.eu

Стужка навінаў