Эмацыйная Мэркель, адсутнасць Лукашэнкі. Чым запомнілася канферэнцыя па бяспецы ў Мюнхене


Выступаючы ў суботу, 16 лютага, на канферэнцыі па бяспецы, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель не абяцала пацяплення ў адносінах з Расеяй, хоць і надала ім шмат увагі. Мюнхенская гаворка Мэркель стала «амаль завяшчаннем» і можа ўвайсці ў гісторыю, як піша газета Süddeutsche Zeitung.

Паводле Deutsche Welle, выступ Мэркель у Мюнхене быў досыць эмацыйным. Яна ў чарговы раз асудзіла дзеянні РФ супраць Украіны, ужыўшы слова «Angriff» (напад), кажучы пра вайну на Данбасе. Звяртаючыся да прысутнага ў залі ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі, Мэркель сказала, што разумее ягоную крытыку будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2», і паабяцала дамагацца захавання транзітнага маршруту праз Украіну. Але пры гэтым канцлер выступіла супраць разрыву стасункаў з Расеяй і за дыялог з Масквой, нягледзячы на ​​рознагалоссі.

Акрамя Расеі, Мэркель незвычайна жорстка крытыкавала Злучаныя Штаты за тое, што тыя пагражаюць увесці мыты на нямецкія аўтамабілі і называюць іх пагрозай сваёй нацыянальнай бяспецы. Менавіта прэзідэнту ЗША Доналду Трампу быў адрасаваны яе галоўны пасыл – прыхільнасць палітыцы мультылатералізма, то бок сумеснага вырашэння сусветных праблем, а не па прынцыпе «свая кашуля бліжэй да цела».

Пасля Мэркель выступіў віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс, які большую частку сваёй прамовы прысвяціў кампліментам Трампу і ваяўнічымі выказваннямі ў адрас Ірана, які ён назваў «пагрозай міру на Блізкім Усходзе і перш за ўсё – пагрозай Ізраілю». Пенс заклікаў еўрапейцаў далучыцца да ЗША і выйсці з ядравай здзелкі з Тэгеранам.

Кіраўнік расейскага МЗС і пастаянны ўдзельнік мюнхенскай канферэнцыі Сяргей Лаўроў заклікаў вярнуцца да ідэі агульнага еўрапейскага дома, нерэалізаванай пасля заканчэння халоднай вайны. «Еўрапейскаму дому патрэбны капітальны рамонт», – сказаў Лаўроў, папярэдне раскрытыкаваўшы Захад за нежаданне пашыраць супрацоўніцтва з Расеяй і за падтрымку Украіны. Брытанскага міністра абароны ён назваў «міністрам вайны», а на пытанне вашынгтонскага журналіста адказаў: «Вы ж усё роўна напішаце гэтак, як вам трэба, пішыце адразу так»

Пятро Парашэнка сказаў, што задаволены вынікамі Мюнхена і словамі падтрымкі з боку еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў. Украінскі прэзідэнт заклікаў да адзінства Захаду ў супрацьдзеянні Расеі.

Пад канец другога дня канферэнцыі прайшла дыскусія пра бяспеку ва Усходняй Еўропе, у якой першапачаткова планаваўся ўдзел і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, але ён у апошні момант адмовіўся.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў