Эксперымент «Белсату»: сабраць мех падарункаў, калі вы ніколі не калядавалі


Каляды працягнуцца ажно да 14 студзеня. А як было б цудоўна паспяваць, павіншаваць людзей і атрымаць за гэта смачняхі! Мы паставілі эксперымент: сабралі мінітэатр з людзей, якія раней ніколі не калядавалі. А потым ледзь данеслі дадому гэты мех падарункаў.

Калядаванне на завулку Вавілава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Калядаваць выправіліся ў прыватны сектар блізу Грушаўкі па завулку Вавілава і ваколіцах. Нашыя ўдзельнікі далі рады: спачатку запіналіся, але ўжо на трэцім двары так асмялелі, што пачалі імправізаваць і жартаваць. Вось тут пачаўся святочны цуд: гаспадары і спевакі стваралі ўнікальныя імпрэзы ды атрымлівалі асалоду адзін ад аднаго. Такой еднасці ў паўсядзённым жыцці не пабачыш. А тут чужыя людзі весяляцца разам з табой, танчаць, у некаторых ад замілавання ажно слёзы з’яўляліся на вачах.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Без асаблівай вакальнай падрыхтоўкі пачаткоўцаў хапіла, каб абыйсці 8 двароў і спыніць 3 машыны. Праўда, адна з іх была таксі – кіроўца хіба спужаўся, здаў задам ды з’ехаў.

Калядаванне на завулку Вавілава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А з другой машыны выйшлі людзі: частавалі нас і нават папрасілі сфатаграфавацца. Маленькая дзяўчынка ва ўсе вочы разглядала казу і зорку, бо раней такога не бачыла.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дзверы адчынялі не ўсе гаспадары, некаторыя нават хаваліся. Але ж тыя, хто дазваляў нам пакалядаваць, а козачцы нашай паскакаць, зараджалі весялосцю. Адна пані так расчулілася, што абдымала калядоўшчыкаў, а ў іншай хаце нават заспявалі на развітанне ўкраінскія калядкі.

Калядаванне на завулку Вавілава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Хлопчык Саша, які гуляў ролю мядзведзіка, быў у захапленні: «Мне спадабалася выконваць заданні цыганкі і весяліць людзей. Калі ўсе смяюцца – гэта выдатна».

Калядаванне на завулку Вавілава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Марыя (козачка) троху стамілася скакаць і падаць, але засталася задаволеная: «Вельмі крута ўсё прайшло! Трэба памятаць народныя традыцыі. Для дзяцей асфальту – самае то».

Калядаванне на завулку Вавілава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Мікіта (механоша) не прызнаваўся, што яму цяжка: «Самае прыемнае з таго, што ў нас было, – калі спыняліся машыны, людзі давалі цукеркі, фоткаліся з намі. Такая спагадлівасць кранае».

Як пачаць калядаваць, калі вы гэтага ніколі не рабілі?

Пашукайце кажухі, старыя футры, выверніце дублёнку. Маску можна набыць ці самім зрабіць з пап’е-машэ за вечар. Тут вырашае вобраз і каб было весела! А за гадзіну да выхаду праспявайце песенькі, каб навучыцца выконваць іх разам. Не хвалюйцеся пра ўзровень майстэрства: песні народныя, а вы – народ, так што спявайце ад душы.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Песні – галоўны складнік

Калядных спеваў вялікае мноства. Але восем кароценькіх адолее кожны. Прыклад выканання ёсць у вольным доступе. Гэтак, «Учора звячора» можаце спяваць па дарозе ці каля нечыяй хаты, «Добры вечар шчодры вечар» для вітання з гаспадарамі, а «Ішла Каляда», «Над вакном чорна хмара ўецца», «Прыехала Каляда» і «Тупу тупу на памосце» дадуць гаспадарам зразумець, што вы прыйшлі не толькі віншаваць іх, але і атрымаць за гэта нештачка. Пад «Го-го-го каза» патанчыць і паваліцца шчасліўца ў ролі казы, а пад «Будзь ваша здароў» вы сыходзіце з хаты ці са двара.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Шмат калядоўшчыкаў – не абавязкова

Каза танчыць пад песеньку і падае напрыканцы. Дзед (баба) пачынае яе шкадаваць і лямантаваць «каб каза ўстала, трэба казе сала» – ці што там вашая каза захоча. Яшчэ можа быць цыган(ка) з вучоным мядзведзем, зорканоша і механоша – 6 чалавек. Большай колькасцю весялей, а меншай – прасцей змясціцца ў хаце.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пачынайце са знаёмых

Як бы там ні было, але хваляванне перад першым выступам будзе. То дамоўцеся завітаць да якога суседа, каб на ім паэксперыментаваць са сваёй праграмай.

Бярыце дужага механошу

Гэта падаецца, што цукеркі, мандарыны, піражкі і гарэлка – лёгкія! Праз некалькі выступаў чалавек з накалядаваным ужо перастае заходзіць у хату, бо натуральна не ўлазіць і стаміўся.

Калядаванне на завулку Вавілава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Не прапусціце 14 студзеня!

Бярыце дзяцей і ідзіце калядаваць. Нават калі вы штосьці зробіце не паводле плану, для іх гэта будзе незвычайны досвед, а для гаспадароў – нечаканыя ўражанні і крутыя відэа для «Інстаграма».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Марыя Грыц, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Стужка навінаў