Экспертыза ў справе лейтэнанта Патаповіча прызнала толькі адно агнястрэльнае раненне


Судова-медычная экспертыза ў справе магілёўскага лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча зафіксавала толькі адно пашкоджанне на целе загінулага – гэта агнястрэльнае раненне ў галаву. Пра вынік экспертызы паведаміў «Белсату» бацька Патаповіча Уладзімір.

Паводле яго, 26 чэрвеня яму на мабільны патэлефанаваў старэйшы следчы па асабліва важных справах Галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарату СК Уладзімір Навікевіч.

«Ён сказаў, што мае на руках заключэнне судмедэкспертызы і з яе вынікае толькі адно агнястрэльная раненне. Больш ніякіх тлумачэнняў ён не даў», – кажа бацька.

Наконт месца правядзення экспертызы, родным вядома, што гэта было ў Магілёве, іншых дэталяў ім не паведамлялі. «Усё пакрытае таямніцай», – сцвярджае бацька загінулага.

Раней Уладзімір Патаповіч звяртаўся ў СК з патрабаваннем эксгумаваць цела сына дзеля высвятлення наяўнасці іншых пашкоджанняў.

«Але следчы даслаў мне пісьмовы адказ, што вынікаў экспертызы яшчэ няма, таму для гэтай працэдуры няма падставаў», – тлумачыць ён.

Цяпер, калі экспертыза праведзеная, сваякі будуць далей дамагацца эксгумацыі.

На мінулым тыдні Патаповіч накіраваў пісьмовыя звароты ў Генпракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта, дзе акрамя патрабавання дазволіць эксгумацыю, просіць звярнуць увагу на тое, што на твары Яўгена падчас пахавання сваякі заўважылі глыбокі шнар. Як сцвярджае бацька, «шнар на падбародку быў прыкладна 3 міліметры ў глыбіню і 4 у шырыню».

«Усё, што я ведаю – са словаў следчага. Ніякіх дакументаў, акрамя прамежкавай адмовы правесці эксгумацыю, мы не маем. Але мы параіліся з адвакатам і будзем прасіць даслаць копію заключэння экспертызы», – дадае Уладзімір.

Ён адзначае, што крымінальная справа паводле артыкулу 362 КК (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананні) не была закрытая, следства па ёй вядзецца дагэтуль. Сваякі лейтэнанта, у тым ліку бацька, фігуруюць у якасці сведкаў, а не пацярпелых.

Hавiны
Бацька Патаповіча ўспомніў пра яшчэ адну незаўважаную рану на целе сына
2019.06.05 18:11

***

  • Цела лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Міліцыянт быў у кайданках і без штаноў. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 КК (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).
  • Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт нібыта даслаў калегам паведамленне ў Viber. У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.
  • Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.
  • Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова патлумачыла дзіўныя акалічнасці смерці інспектара ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча тым, што ён нібыта інсцэнаваў уласнае забойства. У СК адзначылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК, аказалася там праз позу цела загінулага.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў