Эксперты склалі рэйтынг самых магутных арміяў свету ў 2015 годзе. Беларусь на 45-ым месцы


Вайсковая моц – складаная сукупнасць мноства фактараў, такіх як колькасць жаўнераў, узбраення, якасць камандавання і сувязі, узровень падрыхтоўкі і матывацыі асабовага складу, эфектыўнасць выведкі і здольнасць краіны вылучаць на абарону дадатковыя эканамічныя рэсурсы ў выпадку вайны.

Аднак і ў мірны час баяздольнасць сухапутных войск, авіяцыі, флоту наўпрост злучаная з магчымасцю дзяржавы ўплываць на працэсы ва ўласным рэгіёне і па ўсім свеце. Такім чынам магутныя і добра арганізаваныя ўзброеныя сілы пры правільным палітычным кіраўніцтве і без вайны самім сваім існаваннем сурёзна дапамагаюць эканамічнаму, знешнепалітычнаму і нават сацыяльнаму развіццю краіны.

Адзіны шлях найбольш дакладна параўнаць сілы арміяў розных краін – гэта вайна, але на шчасце, буйнейшыя краіны свету ў апошнія дзесяцігоддзі не давалі нам такой магчымасці.

Сайт пайшоў па менш крывавым шляху і стварыў Global Firepower Index – рэйтынг узброеных сіл, які ўлічвае больш за 50 розных фактараў, ад наяўнасці асноўных відаў узбраення і колькасці вайскоўцаў да агульнага тэхналагічнага развіцця.

Аналітыкі сайта ўлічылі таксама залежнасць краін ад паставак прыродных выкапняў, аднак пакінулі за дужкамі запасы атамнай зброі – карту, якую ўжо 70 год ніхто не выкарыстоўвае на полі бою.

Прыплыць і разбамбіць

Авіяцыя і флот, асноўнымі ўдарнымі складнікамі якога зараз з’яўляюцца авіяносцы і падводныя лодкі, застаюцца асноўнымі складнікамі ваеннай моцы для сусветных дзяржаў, сведчаць дадзеныя Global Firepower. Панаванне ў паветры застаецца ключавым складнікам перамогі ў сучаснай вайне паміж тэхналагічна прасунутымі арміямі, а флот перакідвае самалёты і сухапутныя сілы ў любую частку свету.

Менавіта авіяцыя і флот – найбольш высокатэхналагічныя і дарагія для падаткаплацельшчыкаў, што адлюстроўваецца і ў аб’ёме ваенных бюджэтаў краін-лідараў рэйтынга.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Малюнак – 5 першых па магутнасці арміяў Зямлі і колькасны склад іхнай авіяцыі. Дадзеныя GFI.

Па колькасці авіяцыі і авіяносцаў бясспрэчным лідарам ужо многія гады застаюцца ЗША, аднак такая магутнасць мае і адваротны бок – вельмі многія саюзнікі чакаюць ад ЗША выконвання імі функцый «сусветнага паліцэйскага». У сувязі з гэтым бюджэт Пентагона дадаткова рос у сувязі з выдаткамі на ваенныя аперацыі ў розных рэгіёнах планеты.

Аднак зараз прэзідэнт ЗША Барак Оўбама паступова зніжае актыўнасць амерыканскіх войск па-за межамі краіны і скарачае ваенныя расходы, у выніку чаго ў 2014 годзе бюджэт амерыканскіх узброеных сіл знізіўся на 6,5 адсотка, сведчаць дадзеныя Стакгольмскага міжнароднага інстытуту вывучэння праблем міра.

У той ж час у мінулым годзе на 9,7 адсотка выраслі ваенныя выдаткі Кітая, на 8,1 адсотка – Расеі, лічаць эксперты інстытуту. З іншага боку, падзенне коштаў на нафту і эканамічныя праблемы РФ, якія тая сама наклікала на сябе сваёй ваеннай інтэрвенцыяй супраць Украіны, стрымалі рост расейскага ваеннага бюджэту ў 2015 годзе.

Жыве Беларусь! – Жыве вечна?

Беларусь у рэйтынгу GFI займае 13 месца па ваеннай моцы сярод еўрапейскіх дзяржаў без уліку РФ. З суседзяў вышэй за нас стаяць Польшча на пятым месцы і Украіна на шостым. У свеце наша краіна 65-я па колькасці асабовага складу ўзброеных сіл, 16 па колькасці танкаў, 50-я па колькасці самалётаў і гелікоптараў.

У свеце нашы ўзброеныя сілы займаюць ганаровае 45 месца, аднак пры гэтым мы толькі 79-я па аб’ёме ваеннага бюджэту, што сведчыць пра беднасць нашай адносна немаленькай арміі. Беларускія ўзброеныя сілы атрымоўваюць на год толькі трохі больш за $700 мільёнаў.

Наш непасрэдны сусед па еўрапейскім рэйтынгу Данія мае ў 2,5 разы менш жаўнераў, аднак выдаткоўвае на іх у 6 разоў болей грошаў. Польшча, чыя армія ўдвая перавышае нашу па колькасці, выдаткоўвае на яе $ 9,6 млрд – гэта больш як у 10 разоў перавышае аб’ём фінансавання нашай.

У суседняй Расеі прыкладна ў 10 разоў больш вайскоўцаў, чым у Беларусі, аднак ваенны бюджэт – прыкладна ў 100 разоў больш!

Гэта значыць, што нашы вайскоўцы маюць менш новай тэхнікі і рыштунку, менш паліва і снарадаў для вучэнняў, горшыя заробкі. Улічваючы сітуацыю ў рэгіёне – не надта радасны стан рэчаў.

Узброеныя сілы Беларусі па дадзеных GFI

65 па асабоваму складу – 62.000 асобаў

50 па авіцыі – 177 самалётаў і гелікоптараў

16 па танках – 1665 машын

79 па бюджэце – $0,725 мільярда

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў