Эксперты распавялі, чаму беларусы сыходзяць з дзяржаўнай службы


У Менску 13 снежня прэзентаваныя папярэднія вынікі даследавання сітуацыі з цякучасцю кадраў на дзяржаўнай службе ў Беларусі.

Пра асноўныя высновы ў інтэрв’ю belsat.eu распавяла дырэктарка SYMPA/BIPART Наталля Рабава.

«Мы набліжаемся да адказу на пытанне, чаму дзяржслужбоўцы сыходзяць з працы. На дадзеным этапе мы прыходзім да высновы, што тут, вядома, есць «заслуга» фінансавага фактара, але ён не вызначальны», – кажа Рабава.

Яна канстатуе, што на ўзроўні кіраўніцтва краіны лічыцца, што калі чыноўнікам плаціць больш, то яны будуць лепш працаваць. Але даследчыкі прыходзяць да высновы, што для дзяржслужбоўцаў «вельмі важныя іншыя рэчы, якія цяпер у сістэме матывацыі ніяк не ўлічаны».

Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паводле Рабавай, чыноўнікі хочуць, каб іх праца была зразумелай і структураванай, не было перапрацовак і заставаўся час на нармальны адпачынак.

Людзі незадаволеныя непразрыстасцю прынцыпаў прасоўвання па службе: на падставе чаго яны атрымліваюць або не атрымліваюць павышэнне, на падставе чаго ацэньваюць вынікі іх працы.

«Цяпер гэта ўсё даволі размытае і ў значнай ступені залежыць ад чалавечага фактара: з начальствам можа пашанцаваць або не пашанцаваць.Чаму Васе далі прэмію, а мне не? Калі б існавалі канкрэтныя крытэры, то пытанняў не было б», – кажа Рабава.

«У дзяржслужбоўцаў ёсць суб’ектыўнае адчуванне, што яны за сваю працу мала атрымліваюць. Можна працаваць мала і мала зарабляць – і гэта ўспрымаецца нармальна. Можна шмат працаваць і шмат зарабляць – і гэта таксама ўспрымаецца нармальна, як справядлівы стан рэчаў. Для беларусаў справядлівасць – гэта вельмі важна. А калі ў цябе шмат перапрацовак, ты працуеш ледзь не ўвесь дзень і дадаткова за гэта нічога не атрымліваеш – гэта ўспрымаецца як несправядлівасць. І гэта ўплывае на тое, што людзі сыходзяць з дзяржслужбы», – распавядае Рабава.

Экспертка адзначае: спецыфіка беларускай сітуацыі ў тым, што дзяржслужба ў Беларусі наскрозь палітызаваная.

«Што гэта значыць? Гэта значыць, што заўтра прэзідэнт скажа – «займаемся Воршай» – і ўсе будуць займацца Воршай незалежна ад таго, што насамрэч прапісана ў іх прафесійных абавязках і на чым яны спецыялізуюцца. А інакш ім будзе кепска праз тое, што яны не выканалі загад прэзідэнта. У дэпалітызаванай сістэме ў чыноўніка есць нейкі план працы і ён гэтым займаецца незалежна ад таго, што сёння кажа палітычнае кіраўніцтва краіны», – тлумачыць Рабава.

Паводле яе, на самаадчуванне чыноўнікаў у Беларусі моцна паўплывалі падзеі 2011-2013 гадоў: моцная дэвальвацыя рубля і рэформа (скарачэнне) дзяржапарату.

«Гэта дае агульнае адчуванне нестабільнасці. Пры тым, што стабільнасць гэта надзвычай важны фактар матывацыі. Многія ідуць на дзяржслужбу менавіта ў пошуках стабільнасці – маўляў, у мяне будзе праца, што не залежыць ад тэндэнцыяў на рынку. А тут – скарачэння. Тым больш што скарачэння перш за ўсё ідуць на ніжнім узроўні, таму чым ты ніжэй, тым страшней», – дадае экспертка.

Рабава пры гэтым прызнае, што цяпер даследчыкі не маюць дакладных лічбаў наконт маштабаў цякучасці кадраў на дзяржслужбе. Але ёсць сведчанні, што за апошнія гады цякучасць павялічылася.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў