Эксперты пра будучыню ІТ-сектару: «Адзін з рухавікоў эканомікі фактычна будзе страчаны»

Акцыя салідарнасці. Менск, 14 жніўня. Фота: Святлана Фар / «Белсат»

Затрыманні ды гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, сярод якіх былі і прадстаўнікі ІТ-кампаніяў, ды ператрусы ў офісах выклікалі эміграцыю з Беларусі як асобных прадстаўнікоў сферы, гэтак і цэлых прадпрыемстваў.

Гэтак, свой офіс у Менску ўжо зачыніла кампанія «Rakuten Viber», пасля арышту працаўнікоў закрываецца «PandaDoc». Выезду з краіны не выключаюць і заснавальнікі EPAM, «Rozum Robotics» ды іншых кампаніяў. Асобнай праблемай стала перыядычнае адключэнне інтэрнэту ў краіне.

Суседнія краіны, адчуўшы магчымыя выгады для сябе, ужо рэкламуюць у сацыяльных сетках магчымасці пераезду беларускіх ІТ-кампаніяў. Напрыклад, Латвія заклікае беларускіх айцішнікаў пераязджаць у памежны Даўгаўпілс (беларуская назва – Дзвінск), а латвійскі міністр унутраных справаў краіны наўпрост заклікаў прадстаўнікоў ІТ пераязджаць з Беларусі ў Латвію. Свае прапановы маюць і іншыя краіны.

Хто з’едзе, а хто застанецца?

Эканаміст Леў Львоўскі кажа, што дагэтуль невядомыя планы ўраду адносна ІТ, а некаторыя кампаніі вырашылі пераехаць проста праз падзеі 9-11 жніўня, калі адчулі, што іхныя працаўнікі больш не знаходзяцца тут у бяспецы.

«Зараз мы бачым, што можа пачаць аказвацца дадатковы ціск на ІТ-сектар. Напрыклад, мы бачым гэта на падставе ператрусаў у кампаніях «PandaDoc», «Яндекс». Гэта не проста пагаршэнне ўмоваў жыцця працаўнікоў. Гэта наўпроставыя атакі на кампаніі, якія выказвалі некаторую нязгоду з уладамі Беларусі», – мяркуе суразмоўца.

Гэта, на яго думку, можа дадаткова стымуляваць ад’езд з Беларусі. У любым разе з’ездуць, верагодна, не ўсе і нават не палова айцішнікаў Беларусі, заявіў Леў Львоўскі.

З улікам жа таго, што ў цэлым ПВТ «хутчэй выступае на апазіцыйным баку», эканаміст не выключае перагляду ўрадам заканадаўства і ўмоваў дзейнасці ПВТ. Гэтым, паводле яго, толькі ўзмоцніцца выцісканне ІТ-бізнесу, зніжэнне інвестыцыйнай прывабнасці краіны і негатыўны ўплыў на адкрыццё новых бізнесаў ці на пашырэнне ўжо дзейных.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што сённяшні эканамічны крызіс выкліканы амаль цалкам палітычным крызісам.

«Каб вырашаць эканамічныя праблемы, трэба заняцца выкараненнем першапрычынаў, якія знаходзяцца ў галіне палітыкі», – дадаў эканаміст.

Гэтак, паводле яго, улады мусяць даць ясны сігнал, што рэпрэсіяў адносна ІТ-кампаніяў не будзе. Па-другое, улады павінны пакараць вінаватых у гвалце і пераследзе пратэстоўцаў. А, па-трэцяе, неабходна пачаць дыялог уладаў і грамадства, каб вырашыць тыя праблемы, якія выклікалі пратэсты.

Між тым прадстаўнікі ўладаў прытрымліваюцца іншага меркавання. Гэтак, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных на сустрэчы з ініцыятыўнай групай выбарцаў 10 верасня заявіў, што за эміграцыю ІТ-кампаніяў аднолькавую адказнасць з уладамі нясуць таксама і пратэстоўцы.

Як гэта паўплывае на эканоміку?

Эканаміст Дзмітрый Крук распавёў, што доля ІТ у ВУП не вельмі вялікая – каля 6 % за першае паўгоддзе 2020 года.

«Але, што важна разумець, ІТ – гэта фактычна палова прыросту, які быў апошнія гады. Прырост ВУП у 2018-2019 гадах амаль напалову адбываўся за кошт гэтай галіны. Таму фактычна гэта рухавік пазітыўнай дынамікі. Ён будзе знікаць, і гэта значна пагаршае само эканамічнае асяроддзе», – адзначыў ён.

Паводле Дзмітрыя Крука, ІТ-сектар і сумежныя галіны былі кропкай факусавання замежных інвестыцыяў. І адыход ІТ-кампаніяў негатыўна паўплывае на інвестыцыі.

«Ужо цяжка будзе казаць пра прыцягненне інвестыцыяў у сувязі з ІТ. І што больш важна – гэта адток ужо інвеставаных сродкаў з Беларусі ў іншыя краіны. Гэта ўжо наўпроставае негатыўнае ўздзеянне на плацёжны баланс», – дадаў ён.

Як адзначыў Леў Львоўскі, варта чакаць спынення росту ІТ-галіны. На яго думку, «новыя ІТ-кампаніі будуць адкрывацца ці нашмат радзей, ці зусім не будуць гэта рабіць».

Але ВУП і інвестыцыі – гэта не адзінае, што пацерпіць ад сыходу падобных прадпрыемстваў.

«Айцішнікі – гэта людзі з высокімі заробкамі, якія не жывуць у вакууме. Яны ходзяць у крамы, рэстараны, купляюць кватэры, машыны, карыстаюцца паслугамі. І ўвесь гэты сектар таксама будзе сціскацца праз тое, што агульны попыт будзе падаўлены, а попыт айцішнікаў будзе паступова выціскацца з Беларусі», – сказаў Леў Львоўскі.

Пацерпіць ад пераезду ІТ-кампаніяў і бюджэт. Як падкрэсліў Дзмітрый Крук, праз найбольш дынамічнае спажыванне, аплату тавараў і паслугаў унёсак ІТ у бюджэт не такі мізэрны, як гэта бачна са статыстыкі.

«Праз ПДВ, праз акцызы, праз непасрэднае спажыванне яны ўплываюць на бюджэт не тое, каб радыкальна, але гэта не 0,5 %, як гэта бачыцца са статыстыкі. Таму гэта і для бюджэту таксама негатыўны ўплыў», – падкрэсліў эканаміст.

Агулам, паводле Дзмітрыя Крука, эміграцыя ІТ-сферы – вельмі негатыўная тэндэнцыя для беларускай эканомікі паводле шмат якіх кірункаў. Галоўнае ж пытанне заключаецца ў тым, як хутка і як глыбока гэтая рэлакацыя будзе адбывацца.

«Калі фактычна ІТ-сектар здуецца да таго, што было 5-6 гадоў таму, мы можам сказаць, што адзін з рухавікоў эканомікі фактычна будзе страчаны», – дадаў эканаміст.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што і на сумежныя віды эканамічнай дзейнасці гэта таксама будзе аказваць значны адмоўны ўплыў.

Максім Гацак belsat.eu

Hавiны