Эксперты паведамілі пра выбух на борце егіпецкага A320


Егіпецкія судмедэксперты сцвярджаюць, што самалёт з 66 пасажырамі на борце разбіўся ў выніку выбуху.

Пра гэта паведамляе тэлеканалу «Sky news» крыніца, блізкая да расследавання трагедыі, якая ўдзельнічае ў працэдуры апазнання парэшткаў.

Паводле крыніцы, у морг у Каіры паступілі 80 разрозненых фрагментаў, сярод якіх няма ніводнай цэлай часткі цела. Лагічнае тлумачэнне гэтаму – выбух на борце самалёта, падсумоўвае ананімны суразмоўца.

Лайнер кампаніі «EgyptAir» рэйсам з Парыжу ў Каір адарваўся ад паласы лётнішча Шарль дэ Голь учора ўвечары аб 11:20 мясцовага часу. Праз 3 гадзіны самалёт пакінуў паветраную прастору Еўропы ды апошні раз выйшаў на сувязь з дыспетчарамі, яшчэ праз 4 хвіліны наземныя службы страцілі кантакт з бортам. Пазней стала вядома, што самалёт з 66 чалавекамі на борце, упаў у Міжземнае мора.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў