Экспертка: Расея пачакае з кампенсацыяй Беларусі стратаў за брудную нафту


Праз сітуацыю з бруднаю нафтай з Расеі экспарт канцэрну «Белнафтахім» знізіўся на $ 800 млн у параўнанні з 2018 годам. Пра гэта паведаміў міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».

«Праз аб’ектыўны фактару – фактар бруднай нафты – мы былі вымушаныя сваю ўласную нафту, якую здабываем, часткова перапрацоўваць на сваіх заводах і існавалі ў рэжыме пэўных абмежаванняў паставак. Калі мы паглядзім экспартную статыстыку, дык па «Белнафтахіме» гэта мінус $ 800 млн да мінулага году. Вядома, перакрыць такія абʼёмы за кошт іншых сектараў было вельмі складана», – расказаў міністр.

«Транснефть» плануе падмешваць брудную нафту ў чыстую

Страты па крысе будуць зніжацца

Разам з тым, як адзначыла ў каментары belsat.eu эканамічная аглядальніца «BELRYNOK.BY» Таццяна Манёнак, расейскі бок не спяшаецца кампенсаваць страты Беларусі да канца году.

«Расейская кампанія «Транснефть», да якой выстаўляюцца прэтэнзіі з нагоды паставак няякаснай нафты, відавочна, не хоча кампенсаваць гэта грашыма літаральна ўжо заўтра ці паслязаўтра. Яна хоча дачакацца вынікаў канцу году, бо спадзяецца падвысіць аб’ём транзіту, каб кампенсаваць страты «Гомельтранснафта Дружба», бо было недапастаўлена каля 3 млн тонаў нафты транзіту. І яна хоча кампенсаваць пастаўкі транзіту», – распавяла суразмоўца.

Таксама «Транснефть» плануе падвышаць пастаўкі з другога паўгоддзя нафты на беларускія НПЗ, каб у выніку пакрыць страты за пастаўкі няякаснай нафты.

Таццяна Манёнак адзначыла, што і беларускі бюджэт спадзяецца з улікам росту паставак атрымаць недаатрыманыя мыты ад транзіту. Страты ж Мазырскага НПЗ, як заяўляецца, ад псавання бруднай нафтай абсталявання бакі паспрабуюць узгадніць падчас капітальнага рамонту заводу.

«Па крысе, пакуль будзе павялічвацца аб’ём транспартаванне нафты праз Беларусь, страты ад недапаставак будуць змяншацца», – заявіла экспертка.

Ёсць і больш прыярытэтныя пытанні

На яе думку, могуць быць у пэўнай ступені падвышаныя і тарыфы на транспартаванне нафты. Больш за тое, сітуацыя з затрыманнем кампенсацыі можа стаць пэўным стымулам для змяншэння выдаткаў на нафтаперапрацоўчых заводах.

Масква не абавязаная кампенсаваць Менску павышэнне коштаў расейскай нафты?

«Канечне, хацелася б хутчэй гэтую кампенсацыю. Таму і «Дружба» гомельская прапаноўвала падвысіць ужо з 1 жніўня тарыфы на транспартаванне нафты, каб кампенсаваць хутчэй. Але расейскі бок не ўзгадніў такое падвышэнне, а беларускі самастойна не можа падвышаць тарыфы на транзіт. І тут патрэбна дамаўляцца абодвум бакам», – сказала Таццяна Манёнак.

Пакуль жа беларускі бок спрабуе дамовіцца пра кампенсацыю больш значных стратаў – ад падатковага манеўру ў нафтавай сферы ў Расеі. Гэтае пытанне больш прыярытэтнае, мяркуе эканамічная аглядальніца.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары