Эксперт: «Вызваліць Масул будзе складана, тэрыторыя спрыяе тэрарыстам»


Больш за семдзесят вёсак і 1500 км² вольныя ад тэрарыстаў. Войскі кааліцыі працягваюць, з іхных словаў, пераможны наступ на апошняе апірышча гэтак званай «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку. Баі ідуць усяго за некалькі кіламетраў ад гораду Масул. Адным з апошніх узялі пад кантроль селішча Башыка.

«Дзякаваць богу, мы ў добрай форме. Нашыя абавязкі мы сумленна выконваем штодня. Усе жаўнеры гатовыя. Мы спадзяемся вызваліць новыя тэрыторыі, рухацца наперад, каб як мага хутчэй вызваліць Ірак», – кажа іракскі жаўнер Ўісам Мугамэд.

Ісламісты контратакуюць

У сваю чаргу баевікі гэтак званай «Ісламскай дзяржавы» нападаюць на чарговыя гарады. На думку адмыслоўцаў, гэткая тактыка мае адцягнуць увагу і сілы кааліцыі ад змагання за Масул. Тэрарысты атакавалі горад ар-Рутба ў правінцыі Анбар. Наступ пачаўся адразу з трох бакоў. Як цвердзяць відавочцы, тэрарысты бяруць у палон мірнае насельніцтва, якое, імаверна, будуць выкарыстоўваць у якасці жывых шчытоў. Самы цяжкі бой усцяж наперадзе.

«Масул адрозніваецца ад іншых гарадоў. Там пагоркі, горы ды пячоры. Гэта спрыяльнае для тэрарыстаў асяроддзе, каб схавацца і весці абарону. Аперацыя ачышчэння гораду будзе складанаю, але гэта магчыма зрабіць», – упэўнены адмысловец стратэгічных даследаванняў Абу Рагф.

Уцекачоў стане на парадак больш

Ужо сёння Ірак чакае развязання яшчэ адной балючай праблемы. Баі за Масул выклікалі чарговую буйную хвалю ўцекачоў. Паводле экспертаў Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, ратунку ад смерці ў іншых гарадах будуць шукаць прыблізна 1.5 млн. чалавек. Палова з іх – дзеці.

«Гэтыя дзеці пакутуюць ужо больш за два гады. Імаверна, яны бачылі шмат злачынстваў, жылі ў экстрэмальных умовах. Мы хочам быць побач з імі, забяспечыць ім сацыяльнае ды псіхалагічнае падтрыманне, вярнуць іх у нармальнае жыццё», – спадзяецца прадстаўнік UNICEF Хээрт Капэлярэ.

Міжнародная супольнасць патрабуе спыніць гвалт

«У гэты драматычны час я застаюся побач з кожным жыхаром Іраку, асабліва ў горадзе Масул. Нашыя душы ўзрушаныя жорсткімі актамі гвалту мірным людзям, ці то мусульманам, хрысціянам ці прадстаўнікам іншых этнічных групаў», – зазначыў Папа Францішак.

Што будзе пасля перамогі ў Масуле?

Паводле вайскоўцаў, узяцце гораду – гэта толькі справа часу. Але ці будзе яно азначаць канчатковую перамогу над гэтак званаю «Ісламскаю дзяржавай» у Іраку?

«Тэрарысты зазналі вялікія страты ў Масуле, але гэта не азначае, што яны знікнуць з Іраку. Іхныя экстрэмісцкія ідэі паўплывалі на моладзь, прамылі мазгі. Нават калі тэрарыстычная групоўка знікне ў вайсковым плане, застанецца іх дактрына», – папярэджвае Абу Рагф.

Буйная аперацыя вызвалення сталіцы тэрарыстаў у Іраку пачалася 17-га кастрычніка. Баі вядуцца пры ўдзеле іракскага войска, а таксама курдскіх апалчэнцаў. Аперацыю падтрымоўваюць паветраныя сілы кааліцыі на чале з ЗША. Пра свой удзел у наступе на Масул заявіла і Турцыя. Паводле Анкары, турэцкая артылерыя прыкрывала курдскія фармаванні. Аднак іракскія ўлады гэтага не пацвердзілі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота – twitter.com/FazelHawramy

Стужка навінаў