Эксперт: Вучэнні «Захад-2017» выклікалі псіхоз


«Фота рэканструктара ў форме вермахта на “Лініі Сталіна” не азначае, што немцы акупавалі Заслаўе».Паводле назіральнікаў, некаторыя, не валодаючы інфармацыяй пра расейска-беларускія вучэнні, пачынаюць высмоктваць факты з пальца.

Расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017», старшынёўства Беларусі ў АДКБ, сітуацыя на беларуска-расейскай мяжы абмяркоўваліся на нарадзе Дзяржаўнага сакратарыята Савету бяспекі 27 ліпеня ў Менску.

Звяртае ўвагу, што Лукашэнка склікаў нараду адразу пасля афіцыйнага візіту ва Украіну.

«Я б не назваў Лукашэнку і Парашэнку сябрамі»

Лукашэнка засяродзіў увагу на старшынёўстве Беларусі ў АДКБ і ваенных вучэннях «Захад-2017».

«Пра гэта шмат сказана, і я хацеў бы пачуць нешта новае. Усе старыя пытанні – і заклапочанасць НАТА, і нашыя суседзі, і ва Украіне я нядаўна быў – усім усё патлумачылі, – падкрэсліў Лукашэнка, кажучы аб ваенных вучэннях «Захад-2017». – Вучэнні адкрытыя, мы запрашаем ці ўжо запрасілі велізарную колькасць назіральнікаў. Прыязджайце, глядзіце. Вучэнні маюць абарончы характар. Разам з Расейскай Федэрацыяй традыцыйна правядзем гэтыя вучэнні».

Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мечыслаў Грыб адзначае, што сітуацыя ў Украіне – барометр не толькі для Беларусі, але і для ўсёй постсавецкай прасторы.

«На Украіну трэба глядзець, аналізаваць падзеі і рабіць высновы», – кажа Грыб.

Але паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў няма даверу, паколькі адсутнічае гарантыя, што любая прапанова Парашэнкі заўтра не стане вядомая Уладзіміра Пуціна.

«Стасункі Лукашэнка і Парашэнкі дастаткова складаныя, я б не назваў іх сябрамі. Усё ж такі Беларусь з’яўляецца членам АДКБ, удзельнікам «саюзнай дзяржавы» з Расеяй, і выходзіць з іх не збіраецца. Ці давяраць такому кіраўніку, які можа справакаваць, а потым далажыць Пуціну? Не думаю, што прэзідэнт Украіны рабіў Лукашэнку адкрытыя, смелыя прапановы», – адзначыў эксперт.

«Ратуйце, акупуюць!»

Вучэнні «Захад-2017» ужо пачаліся: расейскія сілавікі прыбылі ў Беларусь, і ўжо раз’язджаюць ў грамадскім транспарце з аўтаматамі наперавес. Ва ўсякім разе, такія фота з’явіліся ў сацсетках.

«Салдаты, якія прыбылі на вучэнні, могуць знаходзіцца ўзброенымі па месцы дыслакацыі сваіх падраздзяленняў, але выходзіць за іх межы са зброяй не маюць права. Тым больш дэманстраваць зброю ў грамадскіх месцах», – заўважае Мечыслаў Грыб.

Аналітык праекту Belarus Security Blog Леанід Спаткай з насцярожанасцю ставіцца да фотаздымкаў з узброенымі салдатамі ў Віцебску.

«Ваенкаматы адпраўляюць позвы шматлікім ваеннаабавязаным – з’явіцца на прызыўныя пункты. І не толькі шарагоўцам, але і маёрам, падпалкоўнікам, якія павесілі кіцелі ў шафы некалькі гадоў таму. Але ніхто ж не лямантуе пра татальную мабілізацыю. Так і ў гэтай сітуацыі: хто гэтыя людзі і з якой мэтай з’явіліся яны ў Віцебску – ніхто не ведае. Можа, гэта ваенныя рэканструктары, якія прымаюць удзел у падрыхтоўцы да святкавання Дня дэсантніка? У Заслаўі, напрыклад, можна ўбачыць рэканструктараў і ў форме Чырвонай арміі, і ў форме вермахта, якія з муляжамі зброі вяртаюцца з імпрэзаў на «Лініі Сталіна» – іх фота таксама выставіць у сацсеткі і затым лямантаваць, што немцы акупавалі Заслаўе?», – пытае Леанід Спаткай.

Эксперт адзначае, што ў грамадстве «нарастае псіхоз», як у свой час з чатырма тысячамі вагонаў, якія Расія збіралася адправіць у Беларусь на вучэнні «Захад-2017». Людзі, не валодаючы паўнатой інфармацыі, высмоктваюць тлумачэнні з пальца.

«Таму не трэба гвалт крычаць. Думаю, што беларускія спецслужбы ўсё ж такі манітораць сітуацыю», – падкрэсліў Леанід Спаткай.

Сітуацыя на мяжы напружаная

Аб выніках праверкі органаў памежнай службы і сітуацыі на беларуска-расейскай мяжы ўжо праінфармавалі кіраўніка краіны.

«Адказ просты. Нелегальная міграцыя, кантрабанда, наркотыкі і іншае – на жаль, струмень не памяншаецца», – падкрэсліў Лукашэнка, адзначыўшы, што памежнікі працуюць напружана. У прыватнасці, у гэтым годзе колькасць затрыманняў на мяжы павялічылася на 30 %.

«Можна падумаць, што памежная служба кантралюе расейска-беларускую мяжу. На самай справе, гэта не так. Праводзілася праверка памежнай службы, якая ахоўвае вонкавую мяжу «саюзнай дзяржавы», а памежная паласа расейска-беларускай мяжы – гэта «дыяцэзія» органаў унутраных спраў. Аднак спакой на мяжы «саюзнай дзяржавы», то бок, дзяржаўнай мяжы Беларусі з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай наўпрост залежыць ад эфектыўнасці кантролю мяжы з Расеяй», – адзначае Леанід Спаткай.

«Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя на мяжы застаецца «як мінімум напружанай»: паток нелегальнай міграцыі, кантрабанды, наркотыкаў не памяншаецца. Акрамя таго, на тэрыторыю Беларусі ажыццяўляюцца даволі значныя пастаўкі нелегальнага алкаголю», – адзначае Леанід Спаткай.

Чым больш скарачаюць сілавыя структуры, тым больш яны павялічваюцца

Лукашэнка зноў закрануў праблему аптымізацыі сілавых структур, якая, мяркуючы па ўсім, бачыцца яму як задача на далёкую перспектыву:

«Мы іх будзем проста трымаць на кантролі, стымуляваць да аптымізацыі структур. Але ўжо не на самым высокім узроўні і не ў маштабах краіны, як мы гэта робім цяпер», – сказаў Лукашэнка.

«Адная аптымізацыя заканчваецца, пачынаецца іншая. Абвешчаная аптымізацыя на 30 % не адбылася, – адзначае генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб. – Калі не спрацавала адная аптымізацыя, значыць, нічога не атрымаецца і з другой. Праблема абмяркоўваецца з савецкіх часоў, аднак колькі ні скарачаюць, колькасць сілавых структураў толькі павялічваецца».

Чарговае абмеркаванне праблемы сведчыць пра тое, што Лукашэнка занепакоены станам спраў у сілавых структурах.

«Сілавікі – асноўная апора і падтрыманне ўлады Лукашэнкі, гэтыя людзі ўзброеныя і ўмеюць ваяваць, а таму – небяспечныя. Аднак на працягу апошніх пяці гадоў сілавыя структуры не атрымлівалі ні маральнага, ні матэрыяльнага стымулу трымацца за службу», – падкрэсліў эксперт.

Іван Грэкаў

Стужка навінаў