Эксперт: умацаванне беларускага рубля часовае, толькі да траўня


Афіцыйны курс долара ў Беларусі на гандляваннях 21 сакавіка чарговы раз знізіўся і склаў 2,0963 рубля. Гэта найніжэйшы паказчык за апошнія паўгода – з 28 верасня 2018-га.

У параўнанні з 1 студзеня 2019 года амерыканская валюта патаннела ў нашай краіне на 0,0635 рубля, ці на 3 %.

Аб’ектыў
У эканоміцы – застой, але прыбыткі ад ІТ растуць
2019.03.20 21:14

Разам з тым, як заявіў у каментары belsat.eu навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру BEROC Алег Мазоль, умацаванне беларускага рубля да долара часовае.

Паводле суразмоўцы, курс нацыянальнай валюты ўмацоўваецца пад уплывам узмацнення расейскай, курс якой расце з прычыны росту коштаў на нафту. Таксама ўмацаванню беларускага рубля спрыяе падатковы перыяд і аплата грамадзянамі падаходнага падатку.

«Людзі здаюць долары, каб разлічыцца па падатках», – адзначыў эксперт.

Hавiны
У лютым беларусы рэзка панеслі здаваць валюту
2019.03.10 12:33

Але ёсць і шэраг фактараў, якія ў будучым негатыўна паўплываюць на курс беларускага рубля. У прыватнасці, гэта пакуль яшчэ неабвешчаны новы пакет заходніх санкцый супраць Расеі.

«Калі ў бліжэйшы час яго пачнуць актыўна абвяшчаць, гэта негатыўна адаб’ецца на курсе беларускага рубля», – падкрэсліў Алег Мазоль.

У любым разе, мяркуе суразмоўца, нават без гэтых новых санкцый з канца траўня можа пачацца актыўнае аслабленне беларускай валюты. Прычыны гэтага ён бачыць у пасяўной і неабходнасці забеспячэння стабільнай працы сяльгаспрадпрыемстваў.

«Як я разумею, рост заробкаў таксама будзе стымулявацца. І гэта ўсё паўплывае (на курс беларускага рубля – belsat.eu)», – заявіў эксперт.

Апроч таго, на яго думку кошт на нафту ўсё-такі стабілізуецца на нейкім узроўні і пачне паступова зніжацца, што таксама адаб’ецца і на беларускай валюце.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў