Эксперт: Працоўныя суботы неэфектыўныя, але без іх заробак будзе яшчэ меншы


Беларусы працуюць найбольш, а адпачываюць найменш сярод суседзяў. Адначасова эканамічнае становішча ў нас застаецца самае цяжкае. Бо працягласць працы не ўплывае на яе эфектыўнасць, тлумачаць даследчыкі.

Беларусы самі хочуць працаваць па суботах

2018 год сканчаецца ў Беларусі працоўнай суботай – панядзелак 31-га снежня перанесены на 29-га. Шмат такіх пераносаў будзе і ў наступным годзе. Гэта ўжо стала звычайнай практыкай для нашай краіны. У выніку часам здараюцца нават шасцідзённыя працоўныя тыдні. Але потым можна адпачываць тры ці чатыры дні запар.

Паводле старэйшага навуковага супрацоўніка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Льва Львоўскага, на працоўныя суботы можна глядзець з двух бакоў. З мінусаў самы значны – такія пераносы неэфектыўныя.

«У Беларусі і так нізкая прадукцыйнасць працы, – кажа эксперт. – А ў такія перанесеныя дні яна яшчэ больш зніжаецца, бо людзі ўжо настроеныя на святы, і пачынаючы недзе з трох гадзін не працуюць, а глядзяць на гадзіннік, тым больш, што арганізм прызвычаены да пяціднеўкі. Для эканомікі ад гэтага карысці мала. Працаўнік эфектыўней працуе, калі добра адпачывае».

У той жа час, падкрэслівае спадар Львоўскі, беларусы ў большасці самі падтрымліваюць працу па суботах, каб не згубіць у грашах. У Беларусі заробак налічваецца па адпрацаваных днях. Таму дадатковы выходны змяншае заробак.

Адрозненне ад еўрапейскіх краін тут у тым, што там аплочваецца працоўны месяц – і не мае значэння, колькі ў ім было працоўных дзён, зацверджаных календаром.

ВІДЭА
Бюджэтнікам пакінуць толькі палову акладу, каб лепш працавалі
2018.12.04 09:41

Але пераносы працоўных дзён у іншых краінах усё ж здараюцца, кажа Леў Львоўскі. Робіцца гэта, каб навесці так званыя «вакацыйныя масты», «закрыць дзірку ў выходных». Гэта, у сваю чаргу, пазітыўна ўплывае на эканоміку, бо стымулюе развіццё турызму. Маючы, напрыклад, чатыры выходных, чалавек можа арганізаваць сабе міні-адпачынак, некуды выехаць.

Шмат такіх чатырох ці пяцідзённых выходных у Польшчы. У Беларусі з-за працоўных субот найчасцей бываюць тры вольныя дні. У 2019 годзе пяць запар выходных мы будзем мець у траўні – з 5-га па 9-га, і чатыры ў лістападзе – з 7-га па 10-га.

Аб’ектыў
Ці не зашмат адпачываюць беларусы?
2018.12.22 18:45

Больш за ўсіх у свеце працуюць мексіканцы, але і мы не на шмат адстаём

Колькасць адпрацаваных за год гадзін у Беларусі – адна з найвялікшых сярод еўрапейскіх краін.

У 2019 годзе, згодна з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, мы адпрацуем 2008 гадзін пры пяцідзённым працоўным тыдні, і 2016 гадзін – пры шасцідзённым. Гэта 252 і 304 працоўных дні адпаведна.

Адпачываць жа будзем 113 дзён пры стандартным працоўным тыдні і 61 дзень – пры шасцідзённым.

Непрацоўных святочных дзён мы будзем мець дзевяць. І гэта адна з самых нізкіх лічбаў святочных дзён у Еўропе і ў свеце ўвогуле. У суседняй Польшчы, напрыклад, 13 афіцыйных святочных непрацоўных дзён.

Нават расейцы працуюць менш за нас – 1980 гадзін на год. У астатніх суседзяў Беларусі працягласць працы яшчэ меншая. Так, згодна з дадзенымі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, у 2017 годзе сярэднестатыстычны паляк адпрацаваў 1895 гадзін, літовец – 1844, латыш – 1875 гадзін.

Больш за ўсіх у Еўропе працуюць грэкі – 2035 гадзін на год. Як бачна, мы – зусім блізка. А найменш за ўсіх еўрапейцаў працуюць немцы – усяго 1356 гадзін за год. За Германіяй ідуць Данія, Нарвегія, Нідэрланды – краіны з найлепшым балансам «праца – жыццё». Увогуле ж у свеце па колькасці працоўных гадзін лідзіруюць мексіканцы – 2255 на год.

Hавiны
Сёлета працаваць за мяжу з’ехалі на 25 % больш беларусаў
2018.12.18 14:56

 

Беларусы не гатовыя да скарачэння працоўнага часу

У Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця зазначаюць, што больш працоўных гадзін не абавязкова прыводзіць да вышэйшай прадукцыйнасці. Больш за тое, можа быць адваротны эфект, што пацвярджаюць лічбы, па якіх бачна: найбольш працуюць людзі ў краінах са слабай эканомікай.

З гэтым пагаджаецца і наш эксперт, падкрэсліваючы, што падвышаць трэба не колькасць працоўных гадзін, а эфектыўнасць працы. На думку даследчыка, працоўны час у свеце будзе скарачацца, і гэта абумоўлена гістарычна.

«Пачынаючы з 1800 года, прадукцыйнасць працы няўхільна расце, – зазначае Леў Львоўскі. – Менавіта таму мы зараз жывем лепш і багацей, чым на пачатку ХІХ стагоддзя. І таму ўсе грамадствы, незалежна ад іх палітычнай і сацыяльнай сістэм, у ХХ стагоддзі скарачалі працоўны тыдзень. У ЗША ў сярэдзіне мінулага стагоддзя такое скарачэнне было абумоўлена зусім не клопатам пра людзей, а эканамічнымі інтарэсамі і мэтазгоднасцю».

Hавiны
Кожны 10-ты працаздольны беларус патрапіў у базу «дармаедаў»
2018.12.03 09:12

Але Беларусь на сённяшні дзень яшчэ не гатовая да зніжэння працоўнага часу, перакананы эксперт.

«У нас вельмі нізкая прадукцыйнасць працы. Таму шмат у каго з беларусаў пакуль што пытанне матэрыяльнага забеспячэння стаіць вастрэй, чым патрэба вольнага часу. Шмат беларусаў працуюць на некалькіх працах, бяруць некалькі ставак і г.д».

На сённяшні дзень самі беларусы не хацелі б больш адпачываць і менш зарабляць. І каб гэта змяніць, трэба спачатку перабудоўваць эканоміку і дамагацца падвышэння эфектыўнасці працы, а ўжо потым думаць пра скарачэнне працоўнага тыдня, перакананы эксперт.

Кацярына Міхальчык/belsat.eu

Стужка навінаў