Эксперт пра звальненні чыноўнікаў: Магчыма, будуць новыя адстаўкі


Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка адправіў у адстаўку кіраўнікоў сваёй жа вертыкалі на Магілёўшчыне. Адхілілі ад пасады старшыню Магілёўскага аблвыканкаму Уладзіміра Даманеўскага, на паніжэнне пайшлі памочнік прэзідэнта на Магілёўшчыне Генадзь Лаўрынкоў і старшыня Шклоўскага райвыканкаму Васіль Віцюнаў.

Кадравы разнос кіраўнік дзяржавы ўчыніў пасля наведвання аграхолдынгу «Купалаўскае» Шклоўскага раёну. Пры гэтым ён загадаў падаць яму спіс усіх, хто яго суправаджаў у часе працоўнай паездкі і распачаць крымінальныя справы «адпаведна ўсёй строгасці закону».

Hавiны
«Яна ж уся абасраная!» Лукашэнка абараніў кароў ад чыноўнікаў
2019.03.26 17:01

Уладзімір Даманеўскі заняў пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкаму ў снежні 2014 году. Разам з ім былі прызначаныя кіраўнікі Берасцейшчыны Анатоль Ліс і Віцебшчыны Мікалай Шарснёў. Апошняму, як і ўжо звольненаму Уладзіміру Даманеўскаму, на мінулым тыдні была абвешчаная вымова за невыкананне даручэння прэзідэнта пра своечасовую выплату заробкаў.

Гэта ўжо другая гучная адстаўка рэгіянальных кіраўнікоў за апошнія паўгода. У лістападзе 2018 года быў з шумам звольнены старшыня Менскага гарвыканкаму Андрэй Шорац. Прычынай звальнення яго і шэрагу іншых сталічных чыноўнікаў былі названыя махінацыі з нерухомасцю. Тады, як і сёння, гучалі заявы пра кайданы і следчы ізалятара, але ў выніку з кайданкамі для Шорца Лукашэнка перадумаў. Яшчэ раней – у жніўні 2018 года – у адстаўку быў адпраўлены ўрад краіны на чале з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым і «міністрамі-пафігістамі».

Як адзначыў у каментары belsat.eu палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, цяжка казаць адназначна, ці гэтыя звальненні з’яўляюцца прадуманай лініяй. Але яны, на яго думку, адлюстроўваюць стыль кіравання Аляксандра Лукашэнкі, калі «самы галоўны метад – гэта страх, гэта звальненні, гэта сякір-башка чыноўнікам». «Відаць, што іншых метадаў беларускі кіраўнік не ведае ці не спадзяецца на іх», – заявіў суразмоўца.

У любым разе, мяркуе эксперт, такія звальненні так ці іначай становяцца часткай піяру «моцнага правадыра, які разбіраецца крута з нядбайным чынавенствам».

«У гэтым плане, так ці іначай, свядома ці несвядома, Лукашэнка ўжо працуе ў рэчышчы сваёй перадвыбарнай кампаніі», – дадаў Аляксандр Класкоўскі.

Гэтыя матывы, паводле яго, адсочваюцца ў апошніх паездках у Баранавічы і на Магілёўшчыну,дзе з аднаго боку праяўляецца жорсткасць да чыноўнікаў, а з іншага рабіліся папулісцкія абяцанні разабрацца з цэнамі і тымі, хто іх накручвае. Як мяркуе аглядальнік, гэта таксама можа скончыцца нейкімі кадравымі рашэннямі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў