Эксперт пра Кемерава: відаць успышку, але хтосьці выдаліў ключавы фрагмент відэа


Трагедыя, якая не мае права паўтарыцца. Нядбальства, якое шакуе. Пажар у Кемераве забраў жыцці 41 дзіцяці, якія згарэлі жывыя ў зачыненым кінатэатры. Застаўся смутак і боль, а таксама безліч пытанняў. Ці можна было пазбегнуць ахвяраў? Што зрабіць, каб трагедыя не паўтарылася? Пажар у Кемераве разам з экспертамі аналізавала каманда «ПраСвету».

Агонь не мог выбраць лепшага часу

Гандлёвы цэнтр «Зімовая вішня». Першы дзень школьных вакацыяў. Гадзіна пік. Каля 16:00 у забаўляльным цэнтры на чацвёртым паверсе ўспыхвае агонь. Відэа з камераў назірання, якое трапіла ў інтэрнэт, мы аналізуем разам з польскім пажарнікам Радославам Швэдам.

Мы бачым агонь у дзіцячым цэнтры ды ўспышку, магчыма, выбух. Але што адбылося дакладна, сказаць немагчыма. На відэа бракуе самага істотнага кавалку – моманту, калі пачаўся пажар.

«З маніторынгу можна зрабіць выснову, што момант выбуху пажару дакладна не запісаны. Не стае трох хвілінаў. Мы бачым досыць актыўную фазу пажару. Праўдападобна, на дзіцячай пляцоўцы. Цягам літаральна некалькіх секундаў мы бачым шмат дыму, які распаўсюджваецца па ўсёй столі. Людзі пачынаюць панікаваць і ўцякаць управа ці ўлева – у кірунку выйсцяў», – адзначае Радослаў Швэд, пажарнік з 10-гадовым стажам.

У гэты момант адбываецца кінасеанс у залах побач. Людзі адчуваюць дым, але сігналізацыя не спрацоўвае.

«Звычайна, калі пажар – святло ў кіназале запальваецца. Тут нават святла не запалілі, проста пачалі крычаць», – распавядае сведка здарэння.

Кінатэатр як смяротная пастка

Дзверы адной з кіназалаў апынуліся замкнёныя на ключ. Хто і навошта гэта зрабіў, высвятляе следства. Менавіта тут знайшлі найбольшую колькасць ахвяраў, пераважна дзяцей.

«Адназначна не дапускаецца ніякае закрыццё выйсцяў. Гэта нават прадугледжана з пазіцыі эвакуацыі кіназалаў. Уваход у адныя дзверы, выхад у іншыя дзверы. Гэта менавіта для таго, каб стварыць бесперашкодны рух людской плыні», – зазначае Дзмітрый Сухаленцаў, эксперт у пажарнай бяспецы ды гендырэктар беларускай кампаніі «Nefox+».

Ці была ў залах сістэма пажаратушэння – яшчэ адное пытанне. На меркаванне польскага пажарніка, на здымках з кінатэатру не відаць наяўнасці адпаведнага абсталявання.

«Тут мы бачым толькі калонкі і кавалак вентыляцыі. Для параўнання зірнем, як гэта выглядае ў Польшчы. Мы бачым, што гэтых элементаў больш. Тут, а таксама тут (на здымку), відаць дадатковыя элементы. Праўдападобна, гэта датчыкі выкрывання дыму. Ці гэта могуць быць арашальнікі», – параўноўвае Радослаў Швэд.

Ці можа Кемерава паўтарыцца ў Беларусі?

Пажарная бяспека ў Расеі – сістэматычная праблема. За 2015 год краіна заняла першае месца ў колькасці пажараў. І другое месца ў колькасці ахвяраў на тысячу асобаў. На першым – Беларусь. На фоне трагедыі ў Кемераве распачаліся правяранні ў беларускіх гандлёвых цэнтрах.

«Зараз правяраюць, сёння ўсе дзверы адчыняць на тыдзень, праз тыдзень зноў зачыняць. Вось з гэтым трэба змагацца. Як людзі пішуць (я чытаў шмат форумаў, водгукаў), бізнес і ўрад у нас дамовіліся, правяранні прыбралі, а людзям што рабіць звычайным?» – пытае Дзмітрый Сухаленцаў.

Звычайныя людзі выходзяць на вуліцы Расеі ды іншых краінаў, каб ушанаваць памяць ахвяраў. І задаць самае галоўнае пытанне: хто адкажа?

«Мне падаецца, што гэтая трагедыя мусіць зрабіцца прыкладам, урокам для ўсёй нашай краіны», – жыхарка Кемерава не можа стрымаць слёзаў.

Пакуль сярод асноўных версіяў – няспраўнасць сістэмы супрацьпажарнай бяспекі і падпал. Пад арыштам застаюцца адзін з ахоўнікаў і кіраўніца гандлёвага цэнтру Надзея Судзянок. Яна заявіла, што разумее пачуцці бацькоў, але «не хоча абвінавачваць сябе ў гэтым». Кропку паставіць следства.

Але вядома адно: калі б сістэма супрацьпажарнай бяспекі спрацавала – ахвяраў магло не быць.

«Перадусім канструкцыя будынку мусіць быць адпаведная таму тыпу здарэнняў. Пажарнікі ды інспектары мусяць яго праверыць. Мусяць быць сістэмы выкрыцця дыму і тэмпературы. І сістэма, якая палягае на тым, каб у выпадку выкрыцця пагрозы праз дэтэктары сігнал высылаўся кіраўніцтву гэтага цэнтру ды ахове, якая пацвярджае пажар і перадае інфармацыю ў пажарную службу. Такія цэнтры таксама мусяць мець беспасрэдную сувязі з пажарнікамі», – падсумоўвае Радослаў Швэд.

Шмат хто ў Расеі мяркуе, што трагедыя ў Кемераве – гэта толькі лакмусавая паперка, якая сігналізуе пра значна больш глыбокія праблемы: катастрафічную карупцыю ды абыякавасць уладаў да лёсаў людзей. Паводле афіцыйных звестак, у кемераўскім пажары загінулі 64 асобы. З іх 41 дзіця.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Іншыя тэмы ў тэлечасопісе «ПраСвет»:

  • Дыпламаты гоў хоўм. Чаму цярплівасць Захаду скончылася?
  • Амерыканскі аналітык: «Нават калі б Лукашэнка хацеў стаць незалежным гульцом – ён не можа».
  • Ці Беларусы могуць спаць спакойна калі шумяць суседзі?

Стужка навінаў