Эксперт: Польшча можа дапамагчы Беларусі знізіць кошты на амерыканскую нафту

Польшча мае магчымасці, каб дапамагчы Беларусі знізіць выдаткі на пастаўкі нафты з ЗША. Пра гэта заявіў у размове з wiadomosci.onet.pl польскі эксперт Пётр Мацёнжак.

«Польшча можа дапамагчы знізіць выдаткі на лагістыку амерыканскіх паставак, хоць я не веру, што гэта будзе 100% беларускага попыту на нафту. Аднак гэта можа стаць пачаткам супрацы, якая паступова зробіць Беларусь незалежнай ад расейскай нафты», – заявіў аналітык.

Дзе Лукашэнка возьме нафту?

На яго думку, гэтае пытанне пры неафіцыйным удзеле Польшчы абмяркоўвалася яшчэ падчас візіту ў жніўні 2019 года ў Менск дарадцы па нацыянальнай бяспецы ЗША Джона Болтана.

Але, мяркуе Мацёнжак, Беларусь не зможа рэзка змяніць кірунак імпарту 17-18 мільёнаў тон нафты штогод.

Што заменіць расейскую нафту?

На думку аналітыка, пастаўляць нафту з Польшчы ў Беларусь можна было б, запусціўшы рэверсную схему па трубаправодзе «Дружба». Але «гэта можа выклікаць напружанасць і, магчыма, стан «халоднай вайны» у стасунках Беларусі не толькі з Расеяй, але і з яе кліентамі – Польшчай, Нямеччынай, Чэхіяй, Славакіяй і Венгрыяй», заявіў польскі эксперт.

Таксама існуюць магчымасці дастаўкі праз парты Балтыі ды па нафтаправодзе Адэса-Броды.

Амбасадар Ірану: мы гатовыя прадаваць Беларусі нафту па цане «нават ніжэй за сусветную»

«Тут мы вяртаемся да лагістыкі – транспартаванне сыравіны праз акіян, разгрузка, пагрузка ў цыстэрны і разгрузка значна павялічваюць выдаткі. Рашэннем тут, здаецца, з’яўляецца супраца паміж Беларуссю і «Orlen» (польская нафтавая кампанія. – Рэд. Belsat.eu), якая мае моцныя пазіцыі на літоўскім рынку, зʼяўляецца ўладальнікам заводу ў Мажэйках, мае добрыя стасункі з ЗША. Можна было б імпартаваць сыравіну разам з беларусамі і падзяліць выдаткі на лагістыку», – заявіў Мацёнжак.

У абмен на згоду кампаніі «Orlen» на сумесныя пастаўкі, Беларусь магла б дамовіцца аб тым, што беларускія дзяржаўныя кампаніі будуць купляць значна больш прадукцыі на НПЗ у Мажэйках, які належыць «Orlen». У якасці варыянта польскую фірму можна было б пусціць на рынак АЗС Беларусі або дазволіць прыняць удзел у прыватызацыі. Але эксперт сумняецца, што апошняе магчымае ў Беларусі ў бліжэйшыя гады.

Ён таксама не выключае, што з улікам зацікаўленасці ЗША ў пастаўках сваёй нафты ў Цэнтральную ды Усходнюю Еўропу, Вашынгтон можа прыняць пра пастаўкі нафты Менску па зніжаных коштах.

Майк Пампэа: ЗША гатовыя забяспечваць Беларусь нафтай на 100 %

Нагадаем, што падчас свайго візіту ў Менск дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа заявіў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100 % паводле канкурэнтных цэнаў.

МГ belsat.eu

Hавiны