Лукашэнка наведаў вайсковую частку ва Уруччы. Эксперт: Ён баіцца ўкраінскага сцэнару


Аляксандр Лукашэнка наведвае вайсковую частку 3214 унутраных войскаў МУС, якая месціцца ва Уруччы. Кіраўнік краіны сустракаецца з старшынямі ды асабістым складам ведамстваў, якія адказваюць за нацыянальную бяспеку, паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.

У брыгадзе спецназу Аляксандра Лукашэнку сустрэлі міністр унутраных справаў Юрый Караеў, ягоны намеснік – камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка, камандзір вайсковай часткі 3214 Уладзімір Жызнеўскі, камандзір СОБРу Аляксандр Быкаў і камандзір АМАПу ГУУС Менгарвыканкаму Дзмітрый Балаба.

Лукашэнка ў коле сілавікоў. Першы злева – камандзір Менскага АМАПу Дзмітрый Балаба.
Фота: president.gov.by

У вайсковай частцы 3214 сілавікі прадэманструюць кіраўніку краіны тактыка-спецыяльны занятак з батальёнам спецыяльнага прызначэння.

Аб’ектыў
Далі старт «выдварэнню» незалежных медыяў
2020.07.24 23:13

«Я думаю, што Лукашэнка вельмі моцна не давярае расейскай кіроўнай эліце, магчыма, што ў стасунках з Пуціным у яго няма асаблівых супярэчнасцяў, але расейская эліта неаднародная. Таму Лукашэнка баіцца, што нейкая з груповак у Расеі можа наняць наймітаў з якой-кольвек прыватнай вайсковай кампаніі. На думку Лукашэнкі, у выніку сацыяльны-палітычных пратэстаў у Беларусі магчымае развязанне вайсковага ўнутранага канфлікту з дапамогай вонкавых сілаў. Таму Лукашэнка звяртае ўвагу на тыя падраздзяленні, якія маюць адпаведнае падрыхтаванне і могуць гэтаму перашкодзіць», – распавёў «Белсату» вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Пры гэтым Алесін лічыць, што гэтыя сілы, якія маюць адмысловую вайсковую падрыхтоўку, улады не будуць выкарыстоўвацца супраць мірных пратэстаў грамадзянаў.

«Дастаткова ў нас АМАПу, шмат унутраных войскаў, міліцыі. Многія мяркуюць, што сілаў МУС у нас болей, чым войска. Ды і псіхалагічна іх рыхтуюць для аперацыі падаўлення масавых пратэстаў. Яны маюць неабходныя сродкі, зброю, таму Лукашэнка, як мне падаецца, больш за ўсё баіцца, што сітуацыя развівацца паводле сцэнару Украіны. Бо на тле ўнутраных супярэчнасцяў могуць умяшацца вонкавыя сілы. І пры гэтым Расея можа спакойна сказаць, што не мае дачынення да гэтага», – кажа вайсковы аглядальнік.

Адметна, што візіты кіраўніка краіны да спецбрыгадаў цягам ліпеня сталі даволі частымі. Гэтак, 24 ліпеня Лукашэнка прыехаў у 5-ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы. 16 ліпеня кіраўнік краіны выступаў перад байцамі 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

7-га ліпеня кіраўнік краіны змяніў старшыню вайсковай разведкі, а 6 ліпеня сустракаўся з працаўнікамі КДБ і раздаў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу. А падчас выступу на Дзень незалежнасці 3 ліпеня кіраўнік краіны прыгразіў, што ніхто не зможа пахіснуць стабільнасць і незалежнасць Беларусі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў