Эксклюзіў для чаргавікоў у Менску. Якім будзе новы квартал на Сямашка

Рэальная масавая дзяржпадтрымка ў будаўніцтве скончылася ў 2010-м, калі зніклі пяціпрацэнтныя крэдыты, якія належалі любому чаргавіку. У апошнія некалькі гадоў звыштаннага жылля няма нават для менскіх шматдзетных – як мінімум палову кошту кватэры яны павінны аплаціць самастойна. 10 гадоў запар будуюць для тых, хто стаў у чаргу ў 1990-м. Дзяржзабудоўшчыкі занятыя задавальненнем патрэбаў шматдзетных і ўсё тых жа сілавікоў. А на «падтрымку штаноў» будуюць камерцыйнае жыллё на продаж.

Пад камерцыйныя ВК Дзяржзабудоўшчыкі ў Менску зарэзервавалі нямала пляцовак у добрых лакацыях. УКБ ужо на ўсю моц працавалі над праектамі рэспектабельных жылых комплексаў. Але раптам гарадскія ўлады зразумелі, што гэта непрыгожа. Пачне яшчэ народ параўноўваць сацыяльную панэль і каркасную «амаль элітку», пакрыўдзіцца.

{%CAPTION%}І нарэшце хтосьці знайшоў лагічнае рашэнне: можна ж будаваць камфортнае жыллё для чаргавікоў, і атрымліваць меншы, але добры прыбытак. Так, бедныя не пацягнуць такое жыллё – але досыць тых, хто збіраў на кватэру, не чакаў халявы і не разлічваў, што чарга калі-небудзь дойдзе. Дык чаму б не будаваць для іх? Агульны парадак аплаты вядомы – нармаваная плошча (15 квадратных метраў на кожнага члена сям’і) будзе адносна недарагой (сабекошт плюс 5 % прыбытку забудоўшчыка), а ўсе «дадатковыя» квадратныя метры прыйдзецца аплачваць па камерцыйным кошце. Пазл складваецца – пераманьваем у камерцыйных забудоўшчыкаў дольнікаў з грашыма і пры гэтым памяншаем чаргу. І рапартуем, як шмат тысяч квадратных метраў пабудавана для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Першы буйны праект для ўсіх чаргавікоў – «Пятроўскія верфі»

У рамках пабрацімства Піцерскі квартал пабудуюць на Сямашка, недалёка ад метро Пятроўшчына. (У Санкт-Пецярбургу будуюць некалькі шасціпавярховак і пяць 25-павярховак беларускага квартала).

Усе кватэры беларускага квартала ў Санкт-Пецярбургу будуць рэалізоўвацца па дамовах сацыяльнага найму. Кватэры ў ВК «Пятроўскія верфі» (ужо афіцыйна заяўлена) прададуць менскім чаргавікам па-за залежнасці ад даты пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Што ў Пятроўскіх верфях будзе не эканом-класа? Нетрывіяльная архітэктура. 9 жылых дамоў у стылі піцерскай набярэжнай. Рэндэры – на сайце забудоўшчык. Камфортная лакацыя – у пешай даступнасці ад метро Пятроўшчына. Шматузроўневыя паркінгі ў квартале. Гандлёва-офісныя памяшканні ў стылабаце.

Фота: http://uks-m.by

Будуць тут кватэры еўрафармата (з кухняй-гасцёўняй), пентхаусы і «8 двухузроўневых кватэр з індывідуальнымі тэрасамі. На даху дамоў «Ветразь» прадугледжаны агульныя палубы-тэрасы, што робіць гэтыя дамы эксклюзіўнымі на рынку нерухомасці», – кажа рэклама. Эксклюзіў для чаргавікоў – такога яшчэ не было.

У квартале будзе менш за тысячу кватэр – яшчэ не факт, што ўсім заможным чаргавікам хопіць. Нядаўна па такім жа прынцыпе – чаргавікам незалежна ад даты пастаноўкі на ўлік – прапанавалі купіць кватэры ў панэльным доме на Партызанскім праспекце, недалёка ад метро. Кошт нармаванага метра быў 1725 рублёў (нагадаю, гэта сабекошт плюс 5 % прыбытку забудоўшчыка). Кошт «квадрата» плошчы, якая перавышае нарматыўную, – 2350 рублёў (прыбытак 43 %). Кошт машына-месца ў падземным паркінгу пры гэтым – 2700 рублёў / кв. м. Чарга сфармавалася за двое содняў да старту продажаў, самі кватэры размялі за дзень.

Можна толькі гадаць, які цэннік будзе ў ВК «Пятроўскія верфі», але прыбытак на ненармаваныя метры наўрад ці апынецца ніжэй.

У чаргавікоў будзе нават выбар

У гэтым годзе акрамя «Пятроўскіх верфяў» павінны стартаваць яшчэ як мінімум МАПІДоўскі квартал на Гарэцкага ў Сухарава (17 дамоў у стылістыцы Новай Баравой), і МАПІДоўскі ж новы малапавярховы мікрараён Сонечны каля «Экспабела» (больш за тры дзясяткі шматкватэрных дамоў па 4-6 паверхаў, таунхаусы і катэджы). Вялікая верагоднасць, што тут таксама адкрыюць продаж для чаргавікоў.

У перспектыве варта чакаць будаўніцтва новага мікрараёна ў Партызанскім раёне, ля Калодзішчаў – да яго ўсё ж такі вядуць сеткі і ўжо анансавалася, што ён будзе менавіта для чаргавікоў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Прыватны сектар паміж Грушаўкаю і Міхалова, па няцотным баку Дзяржынскага, – «у рэзерве» у дзяржзабудоўшчыкаў. Калі яны ацэняць любаты новых умоваў працы, можна чакаць, што пачнуць асваенне і гэтага ўчастка. Акрамя таго, у рэзервовых планах – узвядзенне 5-й Лошыцы. Тут таксама запраектаваныя малапавярховыя дамы класу камфорт з тэрасамі ля паркавай зоны.

Увогуле, ідэя дапамагчы зніжкамі з купляй жылля хаця б заможным чаргавікам, абавязаўшы УКБ будаваць па такіх схемах, – урачыстасць логікі.

Нарэшце ў стаянні ў чарзе з’явіўся нейкі сэнс, а ў рыторыцы пра падтрымку дзяржавы ў будаўніцтве жылля для масы грамадзянаў – доля праўды. І нарэшце супакояцца тыя, хто называў чаргавікоў «халяўшчыкаў». Халявы тут дакладна не будзе.

Наталля Літоўская/НЯ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў