«Гэта ўжо варыянт Кадафі». Суздальцаў каментуе планы КДБ датычна фізічнай ліквідацыі апанентаў Лукашэнкі


Ігар Макар, былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падраздзялення МУС Беларусі «Алмаз», назваў імя яшчэ аднаго чалавека, якога збіраліся ліквідаваць.

«У мяне ёсць доказы і пацверджанні таго, што планавалася фізічная ліквідацыя Андрэя Іванавіча Суздальцава. Гэтага на запісе няма, але гэта пацвердзіць мая крыніца асабіста ў судзе», – цытуе Ігара Макара радыё «Свабода» са спасылкай на «Настоящее время».

«Я спадзяюся, што на гэта ўсё адрэагуе Расейская Федэрацыя. Я вельмі спадзяюся, што адрэагуе сусветная супольнасць, у прыватнасці, еўрапейская, і Амерыка. І я думаю, што ўрэшце мы зможам пабароць гэты дыктатарскі рэжым, які дзейнічае ў нашай роднай краіне Беларусі», – дадаў ён.

Андрэй Суздальцаў

Андрэй Суздальцаў – расейскі палітолаг, які да 2006 года працаваў у Менску і крытыкаваў улады Беларусі. У 2006 годзе яго пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі ў Расею як асобу, якая «ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі».

У каментары «Белсату» Суздальцаў заявіў, што цалкам давярае інфармацыі Ігара Макара. Паводле расейскага эксперта, пэўныя ўскосныя сігналы ён атрымліваў і раней: у прыватнасці, шэраг праўладных беларускіх палітолагаў публічна ў сацсетках казалі, што Суздальцава трэба фізічна знішчыць. «Сітуацыя была напружаная. Але ж мы не спецыялісты, нам цяжка заўважыць сачэнне за сабою», – адзначае ён.

Суздальцаў кажа, што ў яго былі добрыя стасункі з Паўлам Шараметам, таму не здзівіўся, што яны абодва былі ў спісе патэнцыйных цэляў спецслужбаў. «Павел быў, канечне, больш небяспечны, бо ён свой, з Беларусі».

«Чаму гэта не было зроблена ў Маскве ў дачыненні Паўла, у дачыненні мяне? Я магу дапусціць, што ўсё ж паляванне за грамадзянамі Расеі ў Маскве замежнай спецслужбай – гэта ледзь не вайна. Думаю, што на пэўным этапе дзеянні беларускіх спецслужбаў прыцягнулі ўвагу спецслужбаў расейскіх, і яны былі вымушаныя адмовіцца ад гэтых планаў. Аднак Павел усё роўна загінуў – у Кіеве. Я не ведаю, ці ёсць там «беларускі след», я палітолаг, а не следчы. Але тое, што агучаны на нарадзе варыянт знішчэння Паўла цалкам супаў з тым, што адбылося, прымушае задумацца».

Суздальцаў падкрэслівае, што апублікаваныя запісы, якія, імаверна, былі зробленыя на нарадзе КДБ, – гэта вельмі сур’ёзнае абвінавачванне супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Фактычна беларускія ўлады займаюцца тэрарыстычнай дзейнасцю на міжнародным узроўні, у іншых краінах. Гэта ўжо варыянт Кадафі», – дадае палітолаг.

Hавiны
У 2012 годзе КДБ планаваў ліквідацыю апанентаў Лукашэнкі за мяжой?
2021.01.04 12:26

ІК belsat.eu

Стужка навінаў