Экс-прэзідэнтцы Паўднёвай Карэі далі яшчэ 8 гадоў турмы. Агулам яна будзе сядзець 32 гады


Суд у Сеуле прысудзіў былую прэзідэнтку Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе (кіравала краінай з 2013 па 2017 год) да 8 гадоў зняволення па двух крымінальных справах – за крадзеж сродкаў у дзяржаўнай разведвальнай службы і ўмяшальніцтва ў партыйную дзейнасць.

Акрамя гэтага, яна павінна выплаціць штраф на суму каля $ 3 млн. Пракуратура прасіла для экс-прэзідэнткі 15 гадоў зняволення.

Пак Кын Хе ўжо адбывае 24-гадовы тэрмін – у красавіку суд прызнаў яе вінаватай у хабарніцтве і ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Карупцыйны скандал у Карэі распачаўся два гады таму з публікацыяў у СМІ, у якіх паведамлялася аб фактычнай куплі буйнымі карпарацыямі падтрымкі ўрада. Грашовыя сродкі для подкупу пералічваліся ў фонды, створаныя сяброўкай экс-прэзідэнта краіны – Чхве Сун Сіль. Яе лічылі ўплывовым ценявым палітыкам, якая выкарыстала свае вялікія сувязі, атрымліваючы буйную выгаду для сябе.

Імпічмент Пак Кын Хе быў абвешчаны летась у сакавіку, пазней яе затрымалі.’

ІІ, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў