Экс-прэзідэнта УЕФА Мішэля Плятыні арыштавалі па падазрэнні ў карупцыі


Былога прэзідэнта Саюзу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (УЕФА) і аднаго з лепшых футбалістаў 1980-х гадоў Мішэля Плятыні арыштавалі па падазрэнні ў карупцыі падчас выбараў краіны-гаспадыні Чэмпіянату свету-2022. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

63-гадовы Плятыні знаходзіцца пад вартай у паліцэйскім участку ў французскім горадзе Нантэр. Паводле sports.ru, француза спачатку выклікалі ў антыкарупцыйны аддзел паліцыі для дачы паказанняў сведак, пасля чаго адбылося затрыманне.

Прычынай затрымання называюць расследаванне карупцыі пры выбарах краіны, дзе адбудзецца чэмпіянату свету па футболе ў 2022 годзе. Пераможцам тады стаў Катар. На тых жа выбарах было вырашана аддаць правядзенне ЧС-2018 Расеі.

Плятыні ўзначаліў УЕФА ў 2007 годзе, а ў 2015 яго адхілілі ад футбола разам з былым кіраўніком ФІФА Зэпам Блятэрам на восем гадоў (гэты тэрмін потым быў скарочаны да 4-х гадоў). Тое рашэнне камітэту ФІФА па этыцы было вынесена з-за грашовага пераводу ў 2 млн долараў на імя Плятыні, які зрабіў Блятэр у 2011 годзе. Плятыні і Блятэр сцвярджалі, што ўсе абсалютна законна.

У 2014 годзе Плятыні прызнаўся, што ў яго адбылася сустрэча з былым кіраўніком Азіяцкай футбольнай канфедэрацыі, якога ФІФА прызнала вінаватай у хабарніцтве і пажыццёва адхіліла ад любой дзейнасці, звязанай з футболам. Сустрэча адбылася незадоўга да выбараў краіны, дзе адбудзецца ЧС-2022. На выбарах Плятыні галасаваў за Катару.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў