Экс-прэзідэнт парламенту Каталунні – «Белсату»: «Іспанія кепска ставіцца да каталунцаў»


Калі вы збіраліся наведаць Барселону, то ў гэтыя дні не найлепшы час для турызму ў Каталунню. У гэтай аўтаномнай супольнасці, што ўваходзіць у Іспанію, цяпер ідуць масавыя пратэсты каталунцаў і сутычкі з паліцыяй. Спецназ і следчыя паліцыі, прывезеныя з іншых іспанскіх рэгіёнаў, затрымалі каталунскіх чыноўнікаў, якія рыхтавалі рэферэндум аб незалежнасці рэгіёну, ім пагражаюць крымінальныя абвінавачанні. Незадоўга да таго, як Мадрыд забараніў рэферэндум, Яраслаў Сцешык узяў інтэрвью ў экс-прэзідэнта парламенту Катулунні Нурыі дэ Джыспэрт.

– Добры дзень, дзякую, што вы знайшлі для нас час. Шмат для каго з беларусаў Каталуння – далёкі край, вядомы дзякуючы футбольнай камандзе «Барсэлона» або прыгожым пляжам. У нас не ўсе ведаюць пра барацьбу Каталунні за незалежнасць. Навошта каталунцы хочуць выйсці з Іспаніі? Бо Іспанія гэта ж нібыта багатая краіна Еўразвязу.

– Каталуння хоча вярнуць свабоду. Каталуння была незалежнай краінай, таму хоча выйсці з Іспаніі. Або каб Іспанія выйшла з Каталунні… Дзесяць гадоў таму 10-12 адсоткаў каталунцаў былі за незалежнасць. А цяпер 48 адсоткаў.

– Гэтага хопіць?

– У выпадку рэферэндуму гэтага хопіць, бо 48 % «за» не значыць, што 52 % супраць незалежнасці. Ёсць група людзей, якія не пойдуць галасаваць, ці якія не вызначыліся.

Экс-прэзідэнта парламенту Катулунні Нурыя дэ Джыспэрт

– Мы ведаем, што партыя «Дэмакраты Каталунні» выкарыстоўвае ў агітацыі за рэферэндум трохі правакацыйнае відэа пра наступствы незалежнасці: калі людзі прагаласуюць «за», у Каталунні не будзе забойства быкоў – карыды, не будзе Дня Калумба ды іншых рэчаў. Як гэта мусіць дапамагчы людзям вызначыцца на рэферэндуме?

– Я лічу, што падобнае правакацыйнае відэа прыцягвае ўвагу асобаў, якія ўвогуле не хацелі б удзельнічаць у рэферэндуме. Але яны бачаць на відэа такія сітуацыі, такія часы і такіх палітыкаў, вяртання якіх людзі не хочуць: напрыклад, ураду Аснара ці ўраду Хасэ Люіса Радрыгеса Сапатэра, якія былі вельмі кепскія для Каталунні. Гэта прыцягвае ўвагу, і можа дапамагчы людзям прагаласаваць за незалежнасць.

– Як вы лічыце, чаму Мадрыд перашкаджае Каталунні аддзяліцца?

– Каталуння робіць вельмі вялікі ўнёсак у іспанскую эканоміку. Але Іспанія кепска ставіцца да каталунцаў. У Каталунню не інвестуюць, і ўсе квоты, якія ідуць з бюджэту ў Каталунню, заўжды заніжаныя.

– То бок усё звязана з эканомікай.

– Не, гаспадарка вельмі важная, але трэба пашукаць пад ёй, і тады можна знайсці пытанне народу, мовы, нацыі. Каталуння стварае 20 % Валавога ўнутранага прадукту Іспаніі. Для параўнання, Краіна баскаў – 4 %. А квоты, якія вяртаюцца ў Каталунню, ніяк не звязаныя з памерам ВУП. І гэтыя грошы, якія зарабляе Каталуння, раздаюць у непрадуктыўныя аўтаноміі. З іншага боку, Каталуння – гэта асобныя мова і культура, а Іспанія спрабуе паставіць нашую мову на другое месца. Каталуння эканамічна мае магчымасці стварыць цалкам новую, багатую дзяржаву, якая будзе інвеставаць у прадпрымальніцтва, у іншыя галіны, якая была б значна лепшай для наступных пакаленняў. Большасць каталунцаў ніколі не адчувалі сябе іспанцамі.

Інтэрвʼю выйшла ў эфір у праграме «ПраСвет» за 22 верасня.

Фота – Reuters

Стужка навінаў