Экс-прэзідэнт Бразіліі сеў у турму


Экс-прэзідэнта Бразіліі бяруць пад варту, каб этапаваць у турму. Фота - REUTERS/Ricardo Moraes

Былы прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва, якога асудзілі за карупцыю, пачаў адбываць прызначаны яму 12-гадовы тэрмін пакарання. У суботу, 7 красавіка, ён здаўся паліцыі і быў дастаўлены ў горад Курытыбе на поўдні краіны.

Там супрацоўнікі праваахоўных органаў змясцілі яго ў мясцовую штаб-кватэру федэральнай паліцыі, дзе ўжо была падрыхтаваная камера. Паводле СМІ, у ёй маюцца ложак, стол, крэсла і ванна.

Напярэдадні, 6 красавіка, 72-гадовы палітык ухіліўся ад добраахвотнай яўкі ў паліцыю, як гэта было загадана рашэннем суду. Аднак ён не ўцёк, а схаваўся ў будынку прафсаюза работнікаў металургічнай прамысловасці ў прыгарадзе Сан-Паўлу, які калісьці ўзначальваў. Пазней Лула да Сілва прыняў рашэнне здацца ўладам. Атрымалася гэта не адразу, таму што сотні прыхільнікаў экс-кіраўнік дзяржавы, які дагэтуль карыстаецца папулярнасць у Бразіліі, блакавалі будынак прафсаюзу, не даючы яго аўтамабілю ад’ехаць.

Луіс Інасіу Лула да Сілва займаў пасаду прэзідэнта Бразіліі з 2003 па 2010 гады. Ён меў намер вылучыць сваю кандыдатуру на новых выбарах у кастрычніку 2018 года, на якіх мог бы стаць фаварытам. Аднак у 2017 годзе, па справе аб карупцыі і адмыванні грошай, да Сілва быў асуджаны да 12 гадоў турмы. Сваёй віны ён не прызнаў.

ІІ, belsat.eu, паводле DW

Глядзі таксама
Каментары