Экс-памочнік Віктара Лукашэнкі стварыў беларускі футбольны суперклуб. А пасля кінуў яго і ўклаўся ў іншы


Вось ужо год беларуская футбольная супольнасць сочыць за цікавым серыялам. За апошнія сезоны берасцейскае «Дынама» з андэрдога ператварылася ў найлепшы клуб. Аднак казка скончылася разам з грашыма. Затое яны з’явіліся ў іншай каманды з гораду над Бугам – у «Руху». І гэтыя перамены не выпадковыя: адбыліся яны дзякуючы пераменам у адным чалавеку.

«Дынама» бедавала, пакуль не прыйшоў статусны бізнесовец

«Дынама» было звычайнаю беларускаю камандай, якая штогод змагалася за месца ў найвышэйшай лізе, збірала па некалькі соцень заўзятараў і ледзь знаходзіла грошы на існаванне. Фінансавыя праблемы змусілі выставіць на продаж офіс, форму гульцам зрабілі фанаты, а аднойчы на афіцыйным сайце клубу з’явілася абвестка пра пошук 3G-мадэма для трансляцыі.

Неспадзявана сітуацыя палепшылася ўлетку 2016-га. У «Дынама» з’явіліся добрыя для беларускага ўзроўню гульцы, клуб нечакана заклапаціўся пра сваіх прыхільнікаў і PR. Для фанатаў пачалі арганізоўваць дармовыя аўтобусы на выезды. Прэс-службу ўзначаліла былая «Міс Беларусь» Вольга Хіжынкова, якая адразу заявіла, што берасцейцы хочуць збіраць на матчах прынамсі пяць тысяч заўзятараў. Тады такая планка здавалася неабгрунтаванай, але хутка рэчаіснасцю стала нават большая колькасць. Ужо ў кастрычніку свае дзверы адчыніла клубная акадэмія. Удзел ва ўрачыстасці ўзяў вядомы расейскі трэнер Валер Карпін.

Плаваць у новай гавані дазволіў замежны інвестар. У «Дынама» ўклалася арабская кампанія «Sohra Overseas». У якасці спонсара клубу назвалі шэйха Поля Даэра. Аднак у рэчаіснасці дынамаўскімі справамі кіраваў прадстаўнік «Sohra Group» у Беларусі Аляксандр Зайцаў, раней – памочнік былога прэм’ера Сяргея Сідорскага, а таксама Віктара Лукашэнкі. Апошні часам з’яўляўся на матчах і імпрэзах берасцейцаў.

У 2019 годзе бюджэт «Дынама» складаў каля $ 10 мільёнаў. Хутчэй за ўсё, гэта гістарычны максімум для беларускіх клубаў. За чатыры гады берасцейцы сталі чэмпіёнамі (2019), тройчы перамагалі ў Суперкубку Беларусі (2018, 2019, 2020), двойчы – у Кубку (2017, 2018), а таксама бралі ўдзел у кваліфікацыі Лігі Еўропы (2017, 2018, 2020) і Лігі чэмпіёнаў (2020).

Толькі за першы год каля $ 150 тысячаў выдаткавалі на маркетынг і PR. Пазней гэтая лічба павялічвалася, канкурэнты тут і побач не стаялі. І гэта прыносіла плён. Сярэдняя наведвальнасць матчаў у сезоне-2019 склала 8839 гледачоў. Такой колькасці беларускі футбол не бачыў 17 гадоў. Прычым піярылася «Дынама» не толькі шляхам простага маркетынгу. Так, у 2017 годзе клуб абвесціў аб праглядзе былога нападніка зборнай Нямеччыны Кевіна Курані. Пасля высветлілася, што немец толькі правёў некалькі трэнаванняў і не меў намеру падпісваць кантракт, але гісторыя выклікала шмат шуму.

Былы памочнік Віктара Лукашэнкі кінуў адзін футбольны клуб і уклаўся ў іншы
Гульцы берасцейскага «Дынама» і фанаты
Фота: dynamo-brest.by

Яшчэ больш уразіў прыезд легендарнага аргентынскага форварда Д’ега Марадоны, якога зрабілі прэзідэнтам клубу. У Беларусі ён пабываў у ліпені 2018-га, меў планы спаткацца з Аляксандрам Лукашэнкам, аднак абмежаваўся візітам у Берасце. Тым не менш да сваёй смерці (сумная навіна прыйшла літаральна месяц таму) ён часам згадваў «Дынама» ў «Інстаграме». Хадзілі чуткі, што ягоны заробак паводле кантракту складаў $ 20 мільёнаў, аднак Зайцаў запэўніваў, што грошай выдаткавалі небагата.

Футбалісты таксама не бедавалі. Лідары «Дынама» зараблялі каля $ 20 тысячаў. Такія заробкі дазволілі сабраць амаль усіх найлепшых беларусаў і падпісаць, напрыклад, былых гульцоў зборнай Украіны Арцёма Мілеўскага і Яўгена Хачарыдзі. Умовы для трэнаванняў намагаліся наблізіць да заходніх стандартаў. На базе ўсталявалі буйны экран, каб разбіраць памылкі падчас заняткаў. Гульцы працавалі ў саколках з датчыкамі, якія кантралявалі іхны стан. Таксама берасцейцы распрацавалі сэнсары для футбольнай аналітыкі.

Д’ега Марадона ў Берасці. 16 ліпеня 2018 года.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Не абмінулі ўвагай і юнацкі футбол. У акадэмію «Дынама» запрасілі шмат замежных адмыслоўцаў. Яе філіялы з’явіліся ў Александрыі (так, менавіта на радзіме Лукашэнкі), Ашмянах і Астраўцы. Юнацкія каманды гулялі з аднагодкамі з мадрыдскага «Атлетыка» і «Барсэлоны».

Праектам цікавіўся і былы начальнік Зайцава Віктар Лукашэнка. Яго некалькі разоў заўважылі на матчах «Дынама». У 2019-м ён разам з камандаю святкаваў чэмпіёнства і прэзентаваў гарэлку «Прэзідэнт». Ягоны бацька тады павіншаваў берасцейцаў з доўгачаканым трафеем.

Але раптам Зайцаў закахаўся

У тым жа 2016 годзе ў горадзе з’явілася яшчэ адна каманда – «Рух». Яе стварыў фанат «Дынама» Сяргей Прысяжнюк. Упершыню клуб з такою назвай у Берасці заснавалі ў 1922-м. Гулялі ў ім польскія вайскоўцы. Новы «Рух» не быў юрыдычным нашчадкам старога, аднак на сваёй эмблеме пазначыў годам заснавання 1922-і.

Спачатку новая каманда гуляла ў чэмпіянаце вобласці, а ў 2018-м стала фарм-клубам «Дынама» і заявілася ў другую лігу (трэці паводле моцы дывізіён). У першы ж сезон «Рух» зарабіў павышэнне ў класе. Пачаліся гаворкі пра найвышэйшую лігу. Аднак узнікла праблема: у чэмпіянаце не могуць выступаць два клубы аднаго ўласніка. Тады Зайцаў на словах адмовіўся ад фарму і пажадаў яму поспехаў. 31 студзеня 2019-га ўласнікам «Руху» стала расейская кампанія «МОСРБ», што зарэгістравалі ўсяго за шэсць дзён да таго.

Памочнік Віктара Лукашэнкі кінуў адзін футбольны клуб і узяў іншы
Аляксандр Зайцаў.
Фота: pressball.by

Хутка стала відавочна, што гэта было недарма. У дэбютным сезоне ў першай лізе «Рух» фінішаваў трэцім. Гэтае месца адпраўляла ў стыкавыя матчы за месца ў найвышэйшай лізе. Там берасцейцы здабылі перамогу над магілёўскім «Дняпром».

І тут пачынаецца найцікавейшае. Яшчэ ў лістападзе, калі «Дынама» толькі стала чэмпіёнам, Зайцаў прызнаўся, што паміж двума берасцейскімі клубамі абраў «Рух»: «Бывае так у жыцці: жывеш з адной, а кахаеш іншую». Да таго яго неаднаразова бачылі на матчах «новай каханай». Прычым ён глядзеў не як заўзятар, а заходзіў у распранальню, дзе крытыкаваў ці хваліў гульцоў і трэнераў у залежнасці ад сітуацыі.

22 снежня 2019-га «Медиа-Полесье» публікуе цытату Зайцава.

«Берасцейскае «Дынама» будзем прадаваць, асноўны праект – «Рух».

Хутка навіна знікла з сайту. Дынамаўская прэс-служба яе назвала правакацыяй.

З «Дынама» ў «Рух» сыходзіць нават аўтобус

Зняпраўджанню навіны амаль ніхто не паверыў. Зайцава зноў заўважалі на матчах «Руху» нават тады, калі паралельна гуляла «Дынама». У апошняга пачаліся фінансавыя праблемы. У сезоне-2020 неаднаразова зʼяўляліся чуткі наконт даўгоў перад гульцамі. А ўжо пасля чэмпіянату ўсе яны пакінулі клуб. Застаўся толькі галоўны трэнер Сяргей Кавальчук.

«Рух» першы сезон у найвышэйшай лізе правёў бадзёра і фінішаваў восьмым («Дынама» – чацвёртым). Аднак і адтуль сыходзіць шмат гульцоў. А галоўным трэнерам стаў экс-настаўнік БАТЭ Кірыл Альшэўскі.

Дынамаўскія гульцы Дзяніс Лапцеў, Эліс Бакай, Дэйвід Тўэ, Павел Паўлючэнка і Ягор Багамольскі ўжо падпісалі кантракты з «Рухам». Падобна, гэтак жа зробяць і яшчэ некалькі экс-дынамаўцаў. Былы генеральны дырэктар «Дынама» Сяргей Вераб’ёў (да футболу працаваў у Следчым камітэце) таксама папоўніў склад клубу – у ім ён займае аналагічную пасаду.

Hавiны
Чэшскі трэнер распавёў пра бізнес-сувязі Віктара Лукашэнкі
2020.01.02 12:42

У «Рух» перайшла і дынамаўская акадэмія. Як сцвярджае «Трибуна», яе дырэктарам стане сваяк Зайцава – Антон Карманаў, а яшчэ адзін філіял з’явіцца ў Воршы.

«Рух» забраў у «Дынама» нават аўтобус. Яго проста перафарбавалі».

Паводле інфармацыі ўсё той жа «Трибуны», «Рух» плануе рэлакацыю. Месца нібыта ўжо абралі – Пружаны. Як гэта будзе выглядаць, пакуль незразумела: прыдатнай футбольнай інфраструктуры ў горадзе няма. Затое за 47 кіламетраў ад Ружанаў, дзе нарадзіўся Зайцаў.

Пра «Дынама» ўсё часцей згадваюць у кантэксце трыджыку. Клуб зноў стаў дзяржаўным і адышоў да пад апеку Берасцейскага аблвыканкаму. Старыя новыя кіраўнікі абяцаюць засяродзіцца на маладых гульцах з вобласці. Уся рэарганізацыя мусіць скончыцца да 1 лютага.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў