Экс-памочнік сенатара Гайдукевіча асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі


Суд Віцебскага раёну агучыў прысуд па справе былога намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Ярмыкіна і яго паплечніка Юрыя Мярзленка, паведамляе TUT.BY.

Мярзленка, які раней ужо меў судзімасць, гэтым разам асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, Ярмыкін атрымаў 5 гадоў калоніі.

Рашэнне суда не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджана ў апеляцыйным парадку.

Сяргей Ярмыкін і Юры Мярзленка былі затрыманыя сілавікамі ў жніўні летась. Следчы камітэт у дачыненні да іх распачаў крымінальную справу па частцы 4 артыкула 209 КК – «Махлярства ў асабліва буйным памеры».

У якасці пацярпелых былі як мінімум 5 жыхароў Віцебскай вобласці. Ярмыкін і Мярзленка публічна хваліліся сувязямі ў розных дзяржорганах і сцвярджалі, што могуць вырашыць розныя пытанні – ад вядзення сумеснага бізнесу да закрыцця крымінальнай справы. Тандэм завалодваў грашыма і іншай маёмасцю грамадзянаў на падставе дачы хабараў дзяржслужачым і набыцця абсталявання па вытворчасці пельменяў. Такім чынам яны «зарабілі» некалькі дзясяткаў тысячаў долараў.

Сяргей Ярмыкін раней быў намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, узначальваў Віцебскую абласную арганізацыю ЛДП і значыўся памочнікам члена Савету Рэспублікі Сяргея Гайдукевіча.

Юрый Мярзленка працаваў кансультантам па агульных пытаннях у прыватнай фірме ў Віцебску. У 2009 годзе быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі, у тым ліку за махлярства. Але ў 2013 годзе ён выйшаў на волю ў выніку змякчэння пакарання.

Hавiны
Гайдукевіч і Давыдзька на расейскім ТБ: Беларусь вам не васал
2018.04.26 14:32

СК belsat.eu

Стужка навінаў