Экс-памочнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Крэймэр: Беларусь робіцца больш безабароннаю


Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Дэйвідам Крэймэрам*, былым памочнікам дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў у справах дэмакратыі, правоў чалавека і працы. Размова пра тое, чаму цягам 10 гадоў Менск не запрашае Вашынгтон вярнуць амерыканскага амбасадара, чаму Менскія пагадненні варта абвясціць «памерлымі», на якіх двух кірунках трэба засяродзіцца Захаду ў Беларусі. А таксама развагі пра магчымую анексію нашай краіны: крамлёўская прапаганда ці рэальны сцэнар?

Ўэс Мітчэл, памочнік дзяржсакратара ЗША, у сваёй прамове на сустрэчы Атлантычнай рады, назваў Грузію, Украіну і «нават Беларусь» бастыёнамі супраць расейскага неаімперыялізму. На ваш погляд, што ён канкрэтна меў на ўвазе: рэжым Лукашэнкі, беларускае грамадства ці ўсю краіну?

Мяркую, што ў сваёй заяве Уэс меў на ўвазе краіну Беларусь, не Лукашэнку. Нельга сказаць, каб дзеянні Лукашэнкі дзеля абароны суверэнітэту Беларусі былі паспяховыя. Мы бачым, як імкліва пашыраецца расейскі ўплыў у краіне, як хутка Расея бярэ кантроль над беларускімі актывамі. Мне здаецца, што Уэс падкрэсліў важнасць суверэнітэту краіны, гэта якраз тое, на чым зрабіў акцэнт прэзідэнт Трамп, калі ў верасні прамаўляў на паседжанні Генеральнай асамблеі ААН. Беларусь – адна з дзяржаваў на мяжы з Расеяй; краіна, якая, у адрозненне ад Украіны і Грузіі, нават Малдовы, не была зацікаўленая ў падпісанні пагаднення з ЕЗ і NATO, але гэта суверэнная і незалежная дзяржава. І Расея мусіць паважаць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

На вашую думку, якую ролю грае Беларусь у цяперашнім напружанні паміж Расеяй і Захадам, якое ўзнікла з прычыны магчымага размяшчэння вайсковай базы ЗША ў Польшчы і падпісання ракетнай дамовы? Беларусь – суверэнны гулец, статыст ці гэта іншая роля?

Канкрэтна цяпер Беларусь апынулася ў даволі складаным становішчы. Яна – партнёр Расеі ў шэрагу арганізацыя дзеля бяспекі ў рэгіёне, яна не паўнавартасны партнёрам NATO, не кажучы ўжо пра сяброўства ў NATO. Беларусь не выглядае зацікаўленай у паглыбленні супрацы з Еўразвязам, але адначасова яна адчувае моцны ціск з боку Расеі. Польшча – адна з асноўных дзяржаваў, што спрабавалі паспрыяць паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека, падтрымаць грамадзянскую супольнасць Беларусі, забяспечыць Беларусь праўдзівай інфармацыяй з дапамогаю «Белсату». Вайсковая сітуацыя можа спрычыніцца да менш камфортнага становішча Беларусі, бо містэр Пуцін можа разглядаць любое далейшае нарошчванне ўзброеных сілаў у рэгіёне як падставу для ўзмацнення ціску на Беларусь. Я перакананы, што вельмі важна не ахвяраваць Беларуссю ва ўсім гэтым працэсе, а наадварот, упэўніцца, што яна застаецца цалкам суверэннаю дзяржаваю.

Як можа Захад, ЗША дапамагчы беларускаму грамадству ці нават уладам Беларусі супрацьстаяць спробам Расеі ўсталяваць пастаянную вайсковую прысутнасць у Беларусі ці зменшыць незалежнасць дзяржавы іншым чынам?

Я думаю, што Захаду трэба засяродзіцца на двух асноўных кірунках: патрабаваць паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, але ў той жа час варта памятаць, што лукашэнкаўская Беларусь – гэта аўтарытарны рэжым, таму мы не мусім забываць аб праблемах правоў чалавека ў гэтай краіне, дзе ёсць яшчэ людзі, якіх арыштоўваюць за палітычныя погляды, ёсць ціск на грамадзянскую супольнасць, ціск на журналістаў. Нам варта трымаць гэтыя два аспекты пад увагаю. Калі мы проста разглядаем Беларусь праз прызму Расеі, то мы здраджваем нашым прынцыпам і каштоўнасцям. Такім чынам, мы павінны дапамагаць Беларусі захаваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, але і дамагацца захавання правоў чалавека.

Афіцыйны Кіеў даволі скептычна ставіцца да менскага фармату перамоваў, да Менску як перамоўнай пляцоўкі для замірэння на Данбасе. Ці ў інтарэсах Злучаных Штатаў змяніць Менск на нейкае іншае месца?

Я ўжо некалькі гадоў пераконваю, што нам варта абвясціць Менскія пагадненні «памерлымі». Гэта кепскае пагадненне, яно не працуе. У абедзвюх версіях – і ў пратаколе з верасня 2014 года, і ў дакуменце з лютага 2015 года – пытанне Крыму ўвогуле не згадваецца. А Расея не выканала аніводнага палажэння гэтай дамовы. Мяркую, што, працягваючы перамовы ў межах Менскага пагаднення, мы толькі марнуем час і зацягваем сітуацыю. Я б аб’явіў, што Менскае пагадненне страціла сілу, і ўзмацніў бы санкцыі, пакуль Пуцін не зразумее, што кошт іхнай прысутнасці ў Крыме і Данецку настолькі вялікі, што пераважвае ўсе выгады. Расея нават не прызнала сваёй ваеннай прысутнасці на ўсходзе Украіны, таму няма сэнсу весці перамовы з імі. Навошта, калі яны ігнаруюць факты?

Што Беларусь атрымала ці страціла ў выніку агрэсіі Расеі супраць Украіны?

Беларусь робіцца больш безабароннаю. Беларусь адмовілася прызнаць анексію Крыму, нягледзячы на ціск Пуціна на Лукашэнку. Варта таксама разумець, што адбываецца ўнутры Расеі. Папулярнасць і рэйтынгі Пуціна падаюць, і ён можа шукаць шляхі ды сродкі, каб выправіць сітуацыю ды заручыцца большым падтрыманнем сваіх дзеянняў. Гэта азначае, што Беларусь надалей адкрытая для ціску з боку Расеі, які можа быць вынікам палітыкі Пуціна.

Але не так лёгка было б пераканаць расейскае грамадства, што Беларусь – такі самы вораг, як «бандэраўцы», «украінскія фашысты», у Беларусі ж няма ані Майдану, ані рэвалюцыі…

Беларусь не нясе ніякай пагрозы для Расеі. Беларусь не вядзе перамоваў з Еўразвязам пра пагадненне аб асацыяцыі, пра бязвізавы рэжым. Цяпер для Беларусі фактычна закрытая дарога ў NATO, ды яна і не выказвае жадання далучыцца да Альянсу – у адрозненне ад Украіны і Грузіі. Таму Расея не мае аніякіх прычынаў, каб хвалявацца пра нейкую пагрозу з Беларусі. Гэта Беларусь мусіць звяртаць увагу на тое, што ідзе з Расеі, бо Пуцін імкнецца адцягнуць увагу ад уласных унутраных праблемаў і спрабуе перанесці іх на іншых.

Цягам апошніх некалькіх гадоў вядуцца размовы пра хуткае вяртанне амбасадара Злучаных Штатаў у Беларусь. Але ён надалей – па-за межамі Беларусі. Як вы думаеце, у чым праблема і як выглядае перспектыва ягонага вяртання ў Менск?

Сітуацыя доўжыцца больш за дзесяць гадоў. Я працаваў ва ўрадзе, калі нашага амбасадара выслалі з краіны, і мы ў адказ выслалі амбасадара Беларусі. Калі Беларусь сапраўды зацікаўленая ў паглыбленні дыялогу з ЗША, яна дазволіць амбасадару ЗША вярнуцца. У нашай амбасадзе да гэтага часу недастаткова супрацоўнікаў. Калі Лукашэнка усур’ёз захоча мець справы з ЗША, мы адразу пабачым, што ўлады дадуць амбасадзе дазвол мець неабходную колькасць супрацоўнікаў.

…Гэта значыць, што цяпер мяч – на беларускай палове поля, і рашэнне залежыць ад крокаў Лукашэнкі?

Яны першымі зрабілі крок і выслалі нашага амбасадара. Я тады быў ва ўрадзе. Мы не выганялі беларускага пасла, пакуль яны не выгналі нашага. Яны зрабілі першы крок, мы мусілі адказаць. Я цяпер не працую ва ўрадзе, таму гэта не афіцыйная пазіцыя, але калі б я быў ва ўрадзе, я дакладна так і сказаў бы Менску: мяч – на вашым полі, вашая чарга дзеяць.

Ці вы бачыце прыкметы таго, што Менск жадае развязаць гэтую праблему?

Ціск на рэжым Лукашэнкі з боку Масквы расце, і цалкам магчыма, што яны разглядаюць такі крок. Але цягам дзесяці гадоў яны не зрабілі гэтага, што сведчыць аб тым, што яны толькі выкарыстоўваюць Захад, спрабуюць кампенсаваць ціск з боку Масквы. Гэта тое, што Лукашэнка рабіў шмат гадоў, гэта геніяльна, і Захад працягвае трапляць у гэтую пастку. Але калі краіна сапраўды зацікаўленая, гэта лёгка зрабіць. Няцяжка ж сказаць Злучаным Штатам: «Калі ласка, адпраўце да нас свайго амбасадара зноў, вы можаце мець поўны штат у вашай амбасадзе». Але Лукашэнка так не зрабіў, таму я маю пэўныя сумневы, ці ён сапраўды хоча вярнуць нармальныя дачыненні са Злучанымі Штатамі.

Я хачу вас спытаць пра справу, якую мы абмяркоўваем у Беларусі месяцамі. У нас распаўсюджваюць страхі ды дэзынфармацыю. Звычайнаму чалавеку вельмі цяжка зразумець, што адбываецца. Я маю на ўвазе пагрозу анексіі Расеяй, ці крымскі сцэнар у Беларусі. Як вы асабіста гэта бачыце ці як гэта могуць бачыць у Вашынгтоне? Гэта рэальная перспектыва ці проста расейскай прапаганда, якая запалохвае Беларусь?

Я вельмі спадзяюся, што пераважна гэта прапаганда. У адваротным выпадку гэта была б чарговая нелегальная анексія іншай дзяржавы з боку Пуціна. Я лічу, Захад мусіць вельмі канкрэтна патлумачыць, што ў такім выпадку будуць сур’ёзныя наступствы.

А якія канкрэтна? Як бы ЗША адрэагавалі ў выпадку калі б Пуцін выканаў гэты крок? Магчыма, не чысты крымскі сцэнар, але спроба зменшыць суверэнітэт Беларусі нейкім спосабам?

Я б выкінуў Расею з банкаўскай сістэмы SWIFT і дадаў бы Пуціна ў санкцыйны спіс.

* Дэйвід Крэймер, намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ў еўрапейскіх і еўразійскіх справах у 2005–2008 гг.; памочнік дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў у справах правоў чалавека, працы і дэмакратыі ў адміністрацыі прэзідэнта Джорджа Ўокера Буша 2008–2009 гг.; прэзідэнт амерыканскай праваабарончай арганізацыі «Freedom House» у 2010–2014 гг.; старэйшы дырэктар у справе правоў чалавека і людскіх свабодаў у Інстытуце МакКейна.

Інтэрв’ю запісалі для праграмы «Прасвет» падчас Варшаўскага форуму бяспекі:

Фота: Warsaw Security Forum

Стужка навінаў