Экс-палітвязню Міколу Аўтуховічу збіраліся падкінуць наркотыкі?


Экс-палітвязень Мікола Аўтуховіч паведаміў аб інцыдэнце, які здарыўся з ім на расейска-латвійскай мяжы. Супрацоўнікі памежнага кантролю тры гадзіны дэталёва даглядалі ў яго і ягоных сяброў дакументы і рэчы, а пасля «людзі ў цывільным» сказалі, што ў машыне Аўтуховіча «павінны былі быць наркотыкі».

6 сакавіка Мікола Аўтуховіч разам з сябрамі ехаў у Юрмалу на машыне праз расейскі памежны пераход Бурачкі. Ужо на шляху ў Латвію расейскія памежнікі, паводле словаў Аўтуховіча, надзвычай пільна правяралі дакументы пасажыраў, у выніку прапусціўшы іх. Па вяртанні з Латвіі машыну затрымалі на значна даўжэйшы час: толькі праверка пашпартоў доўжылася з 00.30 гадзін да трох ночы.

«Да машыны падышла група людзей, чалавек дзесяць, у тым ліку чацвёра ў цывільным разам з начальнікам мытнай змены. Даглядзелі і прасканавалі ўвесь багаж, змест торбаў і пакетаў», – апісвае сітуацыю сайт праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», якую экс-палітвязень узначальвае з 2016 года.

«Людзьмі ў цывільным», на думку Аўтуховіча, былі супрацоўнікі ФСБ Расеі. Ён кажа, што заўважыў, як тыя «доўга перашэптваліся, камусьці тэлефанавалі і раіліся». Пасля таго, як машыну праверылі з трыма сабакамі, яе адправілі на дадатковы рэнтген-кантроль.

Пры гэтым, сцвярджае экс-палітвязень, людзі ў цывільным сказалі яму: «Падзякуйце вашым землякам за такую ўвагу». Пазней Аўтуховічу адкрыта сказалі, што ў машыне павінны былі знайсці наркотыкі.

Людзі ў цывільным загадалі начальніку мытнай змены забраць у пасажыраў машыны банкаўскія карткі, наяўныя грошы і ноутбукі «для эскпертызы». Выехаць з пунку пропуску беларусам дазволілі толькі пасля 12 гадзін дня.

Паводле слоў Міколы Аўтуховіча, гэты выпадак – яскравае сведчанне пераследу з боку беларускіх спецслужбаў, але яно не першае з пачатку года. 4 лютага Аўтуховіч у сваім фэйсбуку паведаміў, што за ім сочаць.

10 лютага, калі Аўтуховіч ехаў з Ваўкавыску ў Менск, ён заўважыў, што на панэлі аўтамабіля адламаны кавалак пластыку. Калі ён дакрануўся да месца дэфекта, уся панэль проста ўпала яму на ногі.

«Стала зразумела, што хтосьці спрабаваў зняць ці здымаў гэтую панэль. Тыя, хто «папрацаваў» ў аўтамабілі, на якім Мікалай перасоўваўся ў апошні час, забыліся ці не паспелі закруціць самарэзы, на якіх прымацаваная гэтая панэль. Мікалаю давялося спыніць паездку (не карыстацца гэтай машынай – заўв. рэд.)», – напісана ў заяве «ТаймАкту».

У Латвію ж Аўтуховіч паехаў на аўтамабілі сяброў.

«Ці не таму людзі ў цывільным на памежным пераходзе былі відавочна расчараваныя, калі сабакі нічога не знайшлі ў машыне, хоць іх літаральна тыкалі насы ў канкрэтныя месцы», – гаворыцца на сайце «ТаймАкту».

Гэты інцыдэнт Мікола Аўтуховіч лічыць помстай за сваю праваабарончую дзейнасць і грамадзянскую пазіцыю.

***

У мінулым Мікола Аўтуховіч – паспяховы бізнесовец у Ваўкавыску, актывіст прадпрымальніцкага руху, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2004 года. Летам 2006 года ён быў прысуджаны да 3, 5 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхілення ад выплаты падаткаў і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Бізнес Аўтуховіча быў знішчаны, яго прызналі палітвязнем.

У хуткім часе пасля вызвалення Мікалая Аўтуховіча зноў арыштавалі – яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. Пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення, але большая частка абвінавачанняў была знятая, і вясной 2010 года ён атрымаў толькі 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўванне зброі. Яго зноў прызналі палітвязнем.

Пасля вызвалення з турмы Аўтуховіч распачаў актыўную грамадска-палітычную і праваабарончую дзейнасць. У снежні 2016 года былы палітвязень стварыў праваабарончую арганізацыю «ТаймАкт». У 2017 годзе ён ініцыяваў кампанію салідарнасці з Данатам Скакуном, якога прызналі вінаватым у нападзе з нажом на настаўніцу і прысудзілі да 8 гадоў калоніі. Аўтуховіч упэўнены ў невінаватасці хлопца і настойваць на ягоным вызваленні. Кампанію салідарнасці «Данат невінаваты!» у Вярхоўным судзе ў студзені 2018 года назвалі «ціскам на правасуддзе».

Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў