Экс-палітвязьня Францкевіча дэпартавалі з Украіны ў Беларусь


19 чэрвеня Аляксандра Францкевіча дэпартавалі ў Беларусь. Пра гэта ў «Facebook’у» напісала журналістка Яўгенія Долгая.

«Учора ўвечары былы палітвязень Аляксандр Францкевіч быў затрыманы ў Кіеве, магчыма, супрацоўнікамі СБУ і ўжо сёння ў 3 гадзіны ночы дэпартаваны на тэрыторыю РБ», – паведаміла Долгая.

У каментарах пад допісам журналістка дадала, што ўчора Францкевіч «пайшоў у міграцыёнку [аддзел Дзяржаўнай міграцыйнай службы. – Заўв. Belsat.eu]» і адтуль ужо не выйшаў.

У каментары Belsat.eu Францкевіч заявіў, што сёлета распачаўся ціск на ягоных паплечнікаў з боку СБУ. Анархістаў звязваюць з нападам на ветэрана АТО Дзмітрыя Вербіча, які ў складзе «Правага сектару» абараняў Данецкі аэрапорт. СБУ падазрае ў злачынстве групу асобаў, якія называюць сябе «антыфашыстамі».

«Я думаю, што такі ціск звязаны з запытам ад беларускіх сілавікоў, які маглі папрасіць украінцаў мяне выдаць. Тым больш, што раней мне неаднаразова перадавалі «прывітанне» ад КДБ», – распавёў Belsat.eu анархіст.

У 2011 годзе актывіста анархічнага руху з Наваполацку Аляксандра Францкевіча суд пакараў трыма гадамі зняволення паводле сукупнасці абвінавачванняў: у злосным хуліганстве, наўмысным пашкоджанні маёмасці і несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі. Раней ён і яшчэ чацвёра паплечнікаў былі затрыманыя па падазрэнні ў датычнасці да падпалу адміністратыўных будынкаў у Менску – амбасады Расеі і Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Францкевіча палітвязнем.

Адбыўшы пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў Івацэвічах, актывіст выйшаў на волю ў верасні 2013-га і знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам.

Як распавёў Францкевіч у каментары Belsat.eu, у яго былі два адміністратыўныя парушэнні, бо ён працягнуў займацца актывізмам, удзельнічаць у пратэставых акцыях. У 2015 годзе Францкевіч з’ехаў у Кіеў.

Hавiны
Беларускага анархіста збіраюцца дэпартаваць з Украіны?
2018.12.17 14:13

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў