Яўген Ройзман: «З Украінай ужо зрабілі ўсё што маглі. Не хацелася б, каб падобнае адбылося з Беларуссю»

ВІДЭА

Яўген Ройзман

Былы мэр Екацярынбургу, палітык і грамадскі дзеяч Яўген Ройзман у эфіры «Эхо Москвы» выказаўся наконт сітуацыі ў беларуска-расейскіх стасунках. Паводле Ройзмана, цяпер небяспека сапсаваць стасункі з Беларуссю «вісіць у паветры».

«Гэта не інсінуацыі, гэта не чуткі, таму што зноў жа мы бачым усё, што адбываецца. І ўсе гэтыя перамовы складаныя. На самай справе сітуацыя простая: іх прэзідэнт заседзеўся адкрыта, і ўсё гэта бачаць. І наш прэзідэнт заседзеўся. І кожнаму калісьці, у нейкі момант прыходзіць час сыходзіць. Куды сыходзіць – незразумела. І таму тут такія пасьянсы раскладваюцца. Зразумела, што Беларусь разглядаецца цяпер як адзін з варыянтаў падаўжэння знаходжання ва ўладзе нашага прэзідэнта», – мяркуе былы мэр.

На думку Ройзмана, цяпер у Крамлі разглядаюць магчымасць паглынання Беларусі, каб пад новае дзяржаўнае ўтварэнне змяніць Канстытуцыю і дазволіць Пуціну пайсці на новы прэзідэнцкі тэрмін.

«Таму вельмі складаная сітуацыя разыгрываецца на нашых вачах. Але гэта людзі (беларусы), якія да нас сур’ёзна па-добраму ставяцца. Гэта значыць ты там сябе адчуваеш зусім камфортна. Гэта вельмі чыстая такая краіна, і там жыве добры народ. І, вядома, не хацелася б… З Украінай ужо зрабілі ўсё што маглі. Не хацелася б, каб нешта падобнае адбылося з Беларуссю», – кажа ён.

«Ніхто нікога не нахіліць». Лукашэнка не хоча аб’ядноўвацца з Расеяй

  • Напрыканцы 2018 года беларуска-расейскія стасункі заўважна пагоршыліся. У снежні Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным: расейскі лідар патрабаваў «глыбокай інтэграцыі», а Лукашэнка дамагаўся зніжэння цаны на газы і кампенсацыі за падатковы манеўр. Перамовы скончыліся безвынікова.
  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзвездзева – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары